2012-06-28 12:19:49

Егіпет: новаабраны Прэзідэнт сустрэўся з каталіцкімі біскупамі


RealAudioMP3 Новаабраны прэзідэнт Егіпта Мухамед Мурсі 27 чэрвеня сустрэўся з каталіцкімі біскупамі краіны. Трэба адзначыць, што напярэдадні падобная сустрэча прайшла з праваслаўнымі іерархамі. Прэс-сакратар біскупскай канферэнцыі Егіпта кс. Рафік Грэйхе ў інтэрв’ю агенцтву “AsiaNews” распавёў, што падчас сустрэчы Прэзідэнт запэўніў іерархаў у садзейнічанні вырашэнню праблем хрысціян у краіне. “Гэта добры знак для будучыні хрысціян у Егіпеце”, - лічыць кс. Грэйхе і падкрэслівае, што сустрэча адбылася па ініцыятыве новаабранага Прэзідэнта. “Ён жадаў асабіста сустрэцца з біскупамі, каб прадэманстраваць гатоўнасць супрацоўнічаць на карысць вырашэння праблем нашай супольнасці”, - сказаў прадстаўнік каталіцкага епіскапата.

Паводле кс. Грэйхе, Мурсі пацвердзіў таксама магчымае прызначэнне на пасады віцэ-прэзідэнтаў жанчыны і хрысціяніна копта. “Гэта б стала зваротным момантам для краіны, пры умове, што прызначаныя будуць мець рэальную ўладу. У адваротным выпадку, гэтыя прызначэнні стануць толькі паказухай”, - лічыць прэс-сакратар епіскапату.

Мурсі падчас выбарчай кампаніі неаднаразова заяўляў, што хоча “стаць прэзідэнтам усіх егіпціян”, а не толькі мусульман. На думку аналітыкаў – будучыня пакажа, ці не з’яўлялася гэта выключна тактыкай для забеспячэння сабе падтрымкі хрысціянскай меншасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.