Бэнэдыкт XVI сустрэўся з дэлегацыяй Экуменічнага Патрыярхата
28 чэрвеня Бэнэдыкт
XVI прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў
Рым на чале з Мітрапалітам Францыі Эмануэлем (Адамакісам) з нагоды ўрачыстасці святых
апосталаў Пятра і Паўла. Звяртаючыся да пасланнікаў Патрыярха Барталамея І, Папа адзначыў,
што іх візіт дае магчымасць разам паразважаць аб “незвычайных справах, якія Бог учыніў
і працягвае чыніць з дапамогай апосталаў у жыцці Касцёла”. “Іх прапаведванне, дапоўненае
сведчаннем мучаніцтва, з’яўляецца цвёрдым фундаментам, на якім будуецца Касцёл, а
ў вернасці скарбу веры, імі перададзенай, мы знаходзім карані адзінства, якое ўжо
зараз перажываем паміж намі”, - сказаў Святы Айцец. Пантыфік нагадаў, што ў гэтым
годзе будзе адзначацца юбілей з дня адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора, “на якім прысутнічалі
некаторыя прадстаўнікі Экуменічнага Патрыярхату ў якасці братэрскіх дэлегатаў”. Папа
падкрэсліў, што Сабор даў пачатак новаму важнаму этапу ў адносінах паміж Цэрквамі
і заклікаў да супольнай падзякі Богу за адкрыццё глыбокага братэрства, якое іх злучае.
Бэнэдыкт XVI нагадаў таксама аб станоўчай ролі Міжнароднай змешанай камісіі па тэалагічным
дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якая дзейнічае на працягу
многіх гадоў.
“Узгадваючы аб юбілеі ІІ Ватыканскага Сабору, на маю думку, трэба
нагадаць аб асобе і дзейнасці незабыўнага Экуменічнага Патрыярха Афенагораса, 40-я
гадавіна смерці якога будзе адзначацца праз некаль дзён”, - звярнуў увагу Папа. Пантыфік
падкрэсліў, што менавіта гэты праваслаўны іерарх, разам з Папамі Янам ХХІІІ і Паўлам
VI, паклаў пачатак абноўленым адносінам паміж Экуменічным Патрыярхатам і Каталіцкім
Касцёлам.
“Для мяне асаблівай радасцю з’яўляецца магчымасць сцвердзіць, што
Яго Святасць Барталамей І, з абноўленай вернасцю і творчай моцай, працягвае шлях,
пачаты яго папярэднікамі Патрыярхамі Афенагорасам і Дзімітрыёсам, вылучаючыся на міжнародным
узроўні сваёй адкрытасцю на дыялог паміж хрысціянамі і дзейнасцю на карысць абвяшчэння
Евангелля сучаснаму свету”, - сказаў Папа.
Традыцыя абменьвацца дэлегацыямі
паміж Святым Пасадам і Канстантынопальскім Патрыярхатам на свята св. апостала Андрэя
і ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла існуе з 1969 г., калі ўпершыню Патрыярхат
наведаў кардынал Ёханэс Вілебрандс, у той час старшыня Сакратарыяту па справах адзінства
хрысціян.