2012-06-27 15:04:51

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт канфірмацыі – вера гэта пачуцце?


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб сакрамэнце канфірмацыі. У нашых праграмах мы амаль падыйшлі да значэння самаго абраду бежмавання, але я хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што яму папярэднічае абрад вызнання веры. Гэты факт, сведчыць аб тым, што сакрамэнт удзяляецца чалавеку, які ўжо мае веру – верыць у пэўныя канкрэтныя праўды, але патрабуе таксама дапамогі Святога Духа, каб разумець сваю веру лепш і па-сапраўднаму жыць ёй.

Дык вось, падчас вызнання веры чалавек павінен адказаць на чатыры пытанні: Верыш у Бога Айца Усемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі? Верыш у Езуса Хрыста, Сына Яго Адзінага, Пана нашага, які нарадзіўся ад Панны Марыі, памёр і быў пахаваны, уваскрос з памерлых, сядзіць праваруч Бога Айца Усемагутнага? Верыш у Духа Святога, Пана і Жыватворцу, які сёння праз сакрамэнт канфірмацыі будзе асаблівым чынам табе дадзены, як і апосталам у дзень Пяцідзесятніцы? Верыш у Святы Касцёл Каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрасенне цела і жыццё вечнае? На кожнае з гэтых пытанняў кандыдат да бежмавання адказвае – веру!

Адметнасцю гэтай формы вызнання веры ў параўнанні з іншымі, якія, напрыклад, выкарыстоўваюцца ў нядзельнай літургіі, заключаецца ў пытанні аб Святым Духу. Тут асабліва падкрэсліваецца вера ў Святога Духа, які будзе дадзены праз сакрамэнт канфірмацыі верніку, як і апосталам у дзень Пяцідзесятніцы. Такім чынам, падчас вызнання веры неабходна прызнаць сваю веру ў Святога Духа, перад тым як прыняць Яго дары.

Але што значыць верыць? Што такое вера? Адказаць на гэта пытанне даволі складана ў рамках кароткай праграмы, таму паспрабуем засяродзіць нашу ўвагу толькі на некаторых момантах. Каб убачыць што такое вера, паглядзім перш за ўсё на тое, чым яна не з’яўляецца.

Звычайна веру блытаюць з пачуццем, якое нараджаецца ў пэўных абставінах – яно звязана з нашымі ўражаннямі ад кранальных слоў, адчуваннем прысутнасці Бога, нашай уласнай слабасці, адкрыццём чагосьці больш вялікага за нас, нечага незвычайнага, напрыклад цуду, слуханнем прыгожай музыкі, захапленнем прыродай.

Канешне, у веры прысутнічаюць пачуцці, але яны з’яўляюцца толькі адным з элементаў веры, бо пачуцці прыходзяць і адыходзяць. Пачуцці канешне важныя – яны нам могуць дапамагчы або стаць адпраўным пунктам у станаўленні нашай веры, але ніяк не апошнім, не кульмінацыяй нашай веры, не сведчаннем нашай вернасці Богу.

Пачуцці, часцей за ўсё, звязаны з пэўнымі нагодамі, падзеямі, здарэннямі, сітуацыямі, якія маюць здольнасць хутка і лёгка змяняцца. А вера – гэта не імправізацыя і не спантаннасць. Калі б яна была толькі пачуццем, чалавек меў бы яе не пастаянна, а толькі ў нейкіх эмацыйных сітуацыях. Аднак, вельмі часта, моманты, калі неабходна вызнаваць веру, цалкам адрозніваюцца ад такіх. Часам сведчыць сваю веру даводзіцца ў непрыемных, нязручных, нават балючых сітуацыях, сітуацыях, калі наша цела і псіхіка знаходзяцца ў вельмі складаных умовах. Такім чынам, вера хоць і ўключае ў сябе пачуцці – пачуццем не з’яўляецца.

Іншым распаўсюджаным меркаваннем лічыцца, што вера – гэта выключна рацыянальны акт. Ці сапраўды гэта так, мы паспрабуем разабрацца ў праграме праз тыдзень.








All the contents on this site are copyrighted ©.