2012-06-24 13:25:06

Бэнэдыкт перад “Анёл Панскі” аб асобе св. Яна Хрысціцеля (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Асобе св. Яна Хрысціцеля прысвяціў Бэнэдыкт XVI сваё разважанне перад малітвай “Анёл Панскі” 24 чэрвеня, калі Касцёл адзначае ўрачыстасць нараджэння прарока памежжа Старога і Новага Запаветаў. Папа адзначыў яго сціпласць і ўменне заставацца ў ценю Езуса з Назарэту, сапраўднага Месіі, памазанніка Пана. Прамаўляючы да сабраных на плошчы перад ватыканскай базылікай, Святы Айцец нагадаў, што побач з Найсвяцейшай Паннай Марыяй, Ян Хрысціцель з’яўляецца адзіным святым, чыё нараджэнне адзначаецца як літургічная ўрачыстасць, бо гэтыя дзве асобы звязаны з таямніцай Уцелаўлення Божага Сына. “Дарагія браты і сёстры! – звярнуўся да вернікаў Папа. - Сёння, 24 чэрвеня, мы святкуем урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля. За выключэннем Найсвяцейшай Панны Марыі, Ян Хрысціцель з’яўляецца адзіным святым, нараджэнне якога адзначаецца ў літургіі, таму, што яно звязана з таямніцай Уцелаўлення Божага Сына. Ужо з матчынага ўлоння св. Ян з’яўляецца папярэднікам Езуса: яго цудоўнае зачацце абвешчана Анёлам Марыі, як знак таго, што “для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1, 37), за шэсць месяцаў да вялікага цуду, які дае нам збаўленне, саюзу паміж Богам і чалавекам праз дзеянне Святога Духа.

Чатыры Евангеллі падкрэсліваюць вялікае значэнне асобы Яна Хрысціцеля як прарока, які закрывае Стары Запавет і пачынае Новы, указваючы на Езуса з Назарэту як на Месію, памазанніка Пана. На самой справе, сам Езус будзе казаць пра Яна выкарыстоўваючы гэтыя словы: “Гэта той, пра каго напісана: “Вось, Я пасылаю Анёла Майго перад табою, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою”. Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго”. (Мц 11,10-11).

Бацька Яна, Захарыя – муж Альжбеты, сваячкі Марыі – быў святаром юдэйскага культу. Не адразу паверыў у абяцанне нечаканага ўжо бацькоўства, і таму стаў нямым да дня абразання дзіцяці, якому разам з жонкай даў імя вызначанае Богам – Ян, што азначае “Пан чыніць ласку”. Пабуджаны Святым Духам, Захарыя кажа аб місіі свайго сына наступным чынам: “А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш называна, бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму, каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне праз адпушчэнне грахоў” (Лк 1, 76-77). Усё гэта было напісана праз 30 гадоў, калі Ян хрысціў у Ярдане, заклікаючы людзей, каб праз гэты жэст пакаяння падрыхтаваліся да блізкага надыходу Месіі, што Бог адкрыў яму падчас яго знаходжання ў Юдэйскай пустыні. Таму і быў названы “Хрысціцелем” – тым, хто ўдзяляе хрост (пар. Мц 3, 1-6).

Калі ў адзін цудоўны дзень прыйшоў з Назарэту сам Езус, каб хрысціцца, Ян спачатку адмовіўся, але потым пагадзіўся, і ўбачыў Святога Духа, які спачываў на Езусе, і пачуў голас Айца Нябеснага, які абвясціў, што Ён Яго Сын (пар. Мц 3, 13-17). Але яго місія яшчэ не была скончана: неўзабаве пасля таго трэба было, каб ён папярэдзіў Езуса ў таксама пазначанай насіллем смерці. Яну адрублі галаву ў турме цара Ірада, і такім чынам ён даў поўнае сведчанне аб Божым Ягняці, якога першым распазнаў і публічна абвясціў.

Дарагія сябры, Дзева Марыя дапамагла сваёй старэйшая сваячцы Альжбеце і заставалася з ёй да канца яе цяжарнасці Янам. Няхай Яна дапаможа ўсім ісці за Езусам Хрыстом, Сынам Божым, якога Хрысціцель абвяшчаў з вялікай пакорай і прарочым запалам.







All the contents on this site are copyrighted ©.