2012-06-23 11:51:03

Пасланнік Папы: канферэнцыя ў Рыа прынесла станоўчыя рэзультаты


RealAudioMP3 На думку кардынала Адзіла Пэдру Шэрэра, спецыяльнага пасланніка Папы на канферэнцыю ААН па ўстойлівым развіцці “Рыа +20”, якая закончылася ў Бразіліі, форум прынёс некаторыя станоўчыя рэзультаты. Іерарх прызнаў, што шматлікія ўдзельнікі мерапрыемства жадалі больш канкрэтных рашэнняў у заключнай дэкларацыі канферэнцыі. Ён падкрэсліў, што нават, калі ўдзельнікі не прыйшлі да некаторых рашэнняў, напрыклад, укладу багатых краін свету ў фінансаванне ўстойлівай эканомікі ці скарачэння спажывання выкапнёвага паліва, якое найбольш забруджвае навакольнае асяроддзе – канчатковы рэзультат канферэнцыі цалкам станоўчы, бо яго ўдзельнікі дайшлі да падпісання сумеснага дакументу.

“Існавала пагроза, што ўдзельнікі форума не падпішуць ніякага дакумента, аднак у канчатковым яго варыянце былі прапісаны ў тым ліку і пытанні вялікай важнасці, напрыклад сцвярджэнне, што чалавек займае цэнтральнае месца ў эканоміцы, а таксама і акрэсленне таго, чым з’яўляецца ўстойлівая эканоміка. У канчатковым дакуменце звяртаецца ўвага на тры пункты: эканамічнае разціццё; сацыяльнае развіццё, якое ставіць чалавека ў цэнтры ўвагі; і падкрэсліваецца, што ўстойлівая эканоміка з’яўляецца таксама экалагічна ўстойлівай, бо заўсёды бярэ пад увагу таксама і экасістэму”, - паведаміў іерарх.

Кардынал Шэрэр адзначыў, што ў форуме “Рыа+20” прыняло ўдзел каля 120 прадстаўнікоў амаль усіх краін свету, хоць, як падкрэсліў іерарх, у канферэнцыі не прынялі ўдзелу кіраўнікі такіх краін як: ЗША, Італія і Японія. Апостальская Сталіца на канферэнцыі ў Рыа была прысутна ў якасці назіральніка.








All the contents on this site are copyrighted ©.