2012-06-23 13:41:41

Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з кіраўнікамі дыкастэрый


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы паведаміў, што Бэнэдыкт ХVI 23 чэрвеня правёў кансультацыі з кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай Курыі і некаторымі іншымі кардыналамі, адносна прыняцця адпаведных рашэнняў пасля крадзяжу дакументаў Святога Айца і Апостальскай Сталіцы. “У сувязі з сітуацыяй, якая склалася пасля распаўсюджання гэтых канфідэнцыйных дакументаў, Святы Айцец хоча паглыбіць сваё бачанне па гэтым пытанні праз пастаянны дыялог з асобамі, якія разам з ім адказваюць за кіраванне Касцёлам”, - сказаў кс. Ламбардзі. Прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў таксама, што ў мінулую суботу, 16 чэрвеня, Пантыфік сустрэўся са спецыяльнай Камісіяй кардыналаў, якая займаецца пытаннем уцечак інфармацыі з Ватыкану.Кс. Ламбардзі паінфармаваў, што 23 чэрвеня, у другой палове дня, “Пантыфік вырашыў сусрэцца з некаторымі членамі Калегіі кардыналаў, якія дзякуючы свайму вялікаму вопыту ў служэнні Касцёлу, не толькі ў Рыме але і за мяжой, могуць абмяняцца з Папам сваімі заўвагамі і прапановамі, і, такім чынам, унесці свой ўклад у аднаўленне жаданага клімату спакою і даверу ў служэнні Рымскай курыі”.

Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што ў наступныя дні Святы Айцец будзе працягваць свае размовы па гэтым пытанні са шматлікімі іерархамі, якія прыбудуць у Рым з нагоды ўрачыстасці Святых апосталаў Пятра і Паўла. “Гэта надзвычайная нагода для супольнасці Паўсюднага Касцёла, адчуць сябе аб’яднанай Пантыфікам у малітве, служэнні і сведчанні веры для чалавецтва нашых часоў”, - сказаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.