2012-06-22 11:19:18

Прэм’ер Латвіі папрасіў Папу правесці Сусветныя дні моладзі ў яго краіне


RealAudioMP3 У сераду 20 чэрвеня падчас сустрэчы з Бэнэдыктам XVI у Ватыкане прэм’ер-міністр Латвіі Валдзіс Дамброўскіс папрасіў Пантыфіка падтрымаць кандыдатуру Латвіі ў якасці месца правядзення ў 2015 г. Сусветных дзён моладзі. Акрамя таго, Дамброўскіс запрасіў Бэнэдыкта XVI нанесці візіт у Латвію, паведамляе “Baznica.info” са спасылкай на “DELFI”. Прэм’ер заўважыў, што арганізацыя Сусветных дзён моладзі ў Латвіі можа стаць першым маштабным каталіцкім мерапрыемствам на тэрыторыі былых краін СССР. Дамброўскіс упэўнены, што Латвія, гісторыя якой грунтуецца на традыцыях экуменізму, з’яўляецца самым выдатным месцам для правядзення Сусветных дзён моладзі.

Сусветныя дні моладзі праводзяцца з перыядычнасцю раз на два-тры гады. Апошнія прайшлі ў жніўні 2011 г. у Мадрыдзе. Наступныя адбудуцца ў 2013 г. у Рыа-дэ-Жанейра. Ініцыятарам правядзення гэтага форуму стаў Ян Павел II, які ў 1986 г. прапанаваў адзначаць Сусветныя дні моладзі на рэгулярнай аснове. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага свята, рыхтуюць сотні тысяч юнакоў і дзяўчат з амаль усіх краін свету.

Падчас свайго візіту ў Ватыкан летам 2011 г., арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч высунуў Латвію ў якасці прэтэндэнта на правядзенне Сусветных дзён моладзі ў 2015 г. На яго думку, у дадзеным праекце маглі б разам з Латвіяй прыняць удзел таксама суседнія дзяржавы: Літва, Эстонія, Украіна, Беларусь і нават Расія. Іерарх упэўнены, што правядзенне Сусветных дзён моладзі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза мела б вялікае значэнне як для новай евангелізацыі, так і гісторыі хрысціянства.







All the contents on this site are copyrighted ©.