2012-06-22 15:04:47

Папа не паедзе ў Славакію ў год св. Кірыла і св. Мятода


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI не будзе асабіста прысутнічаць на ўрачыстасцях году св. Кірыла і св. Мятода ў Славакіі. Аб гэтым паведаміў Апостальскі нунцый у Славацкай Рэспубліцы, арцыбіскуп Марыё Джардана, на пасяджэнні епіскапату краіны. Прэзідэнт Іван Гашпаравіч і Канферэнцыя Біскупаў Славакіі скіравалі свае запрашэнні да Святога Айца на гадавіну прыбыцця славянскіх апосталаў у Вялікую Маравію 1150 гадоў таму.

Біскупская канферэнцыя апублікавала паведамленне, у якім цытуе тэкст адказу Папы. Пантыфік дзякуе за запрашэнне ў Славакію, моліцца за ўсіх жыхароў і дасылае сваё благаслаўленне на юбілейны год. У той жа час, заяўляе, што не можа прыняць запрашэнне для асабістага візіту ў краіну. Генеральны сакратар канферэнцыі, біскуп Мар’ян Хованец, заявіў: “Гэта азначае, што мы не чакаем Папу ў гэтым годзе”.

Пасля перэгрынацыі рэліквій св. Кірыла і св. Мятода па славацкіх дыяцэзіях, юбілейны год пачнецца 5 ліпеня ўрачыстай св. Імшой у горадзе Нітра і закончыцца 16 верасня 2013 г. агульнаславацкай пілігрымкай у санктуарый Маці Божай Балеснай у Шашціне. Пасланне Канферэнцыі Біскупаў да адкрыцця юбілейнага году 1 ліпеня будзе прачытана ва ўсіх каталіцкіх храмах краіны.







All the contents on this site are copyrighted ©.