2012-06-22 13:02:25

Кардынал Бэртонэ: гарантаваць бесплатнае і эфектыўнае лячэнне ад СНІДу


RealAudioMP3 22 чэрвеня кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ звярнуўся з заклікам да міжнароднай супольнасці, а таксама да асобных краін і ахвярадаўцаў, тэрмінова прадставіць хворым на СНІД бесплатнае і эфектыўнае лячэнне. “Трэба каб быў гарантаваны паўсюдны доступ да лячэння, пачынаючы ад маці і дзяцей! У гэтай зале, ад імя Святога Айца, я станаўлюся голасам шматлікіх людзей, якія пакутуюць, шматлікіх хворых, якія не маюць голаса. Не будзем губляць часу і заінвестуем усе неабходныя рэсурсы!”, - звярнуўся іерарх. Выступаючы перад удзельнікамі VIII міжнароднай канферэнцыі па праблемах СНІДу, якая праходзіць у Рыме па ініцыятыве “Супольнасці св. Эгідзія”, кардынал Бэртонэ адзначыў, што Каталіцкі Касцёл, ад моманту адкрыцця смяротнага вірусу актыўна спрыяе барацьбе з яго распаўсюджваннем, а таксама клопату аб хворых і іх сем’ях у медыцынскай, сацыяльнай, духоўнай і душпастырскай сферах. “На сённяшні дзень каля 30% усіх цэнтраў лячэння ВІЧ/СНІД у свеце, з’яўляюцца каталіцкімі”, адзначыў іерарх. Ён нагадаў, што дзейнасць Касцёла ў гэтай сферы заключаецца ў прыцягненні ўвагі грамадства да праблемы, правядзенні прафілактыкі і медыцынскай адукацыі, падтрымцы сірот, распаўсюджванні лекаў і прадуктаў, хатняй дапамозе, дзейнасці бальніц, цэнтраў, тэрапеўтычных устаноў, супрацоўніцтве з урадамі, працы ў турмах, катэхізацыі, распрацоўцы спецыяльных курсаў даступных у інтэрнэце, стварэнні груп падтрымкі хворых.

“Я жадаю, каб на гэтай канферэнцыі, у якой прымаюць удзел шматлікія адказныя за сферу аховы здароўя, маглі нарадзіцца канкрэтныя прапановы па выратаванні жыцця тых, хто ў свеце з’яўляецца самым слабым і, у той жа час, найбольш адказным за будучыню – дзяцей і іх маці”, - сказаў кардынал Бэртонэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.