2012-06-21 12:30:51

Новыя храмы для католікаў Мінска


RealAudioMP3 У Завадскім раёне Мінска, на тэрыторыі каталіцкай парафіі Божага Цела, кіпіць праца – рабочыя спяшаюцца пакласці тратуарную плітку. Завяршаюцца прыгатаванні да асвячэння капліцы Маці Божай Шкаплернай; яно адбудзецца 3 ліпеня. З дня на дзень сюды даставяць і крыж з раcпяццем Хрыста. Ён стане першай сапраўднай рэліквіяй новаасвечанага храма – раскрыў некаторыя сакрэты будучага свята пробашч парафіі, айцец Сяргей Трысцень.

“Плануем у галоўным алтары размясціць распяцце Езуса Хрыста, гэта фігура паводле экспертаў датуецца канцом XVII ст., яго знайшлі на Белагрудчыне, зараз ён на рэстаўрацыі. У алтары таксама плануем размясціць копію іконы Гудагайскай Божай Маці, якая ў Беларусі шануецца як Шкаплерная. Гэта тытул капліцы. Наш невялікі храм стане месцам культу Маці Божай Шкаплерная для Мінска і Мінскай вобласці”.

Парафія Божага Цела ў раёне вуліцы Ангарскай была зарэгістравана яшчэ ў 2007 г. Яна знаходзіцца пад апекай Ордэна кармелітаў босых. Доўгі час вернікі маліліся ў памяшканні ЖЭСа.

“Напачатку было 8 чалавек, потым 10, потым 50, 100, потым мы адчулі, што памяшканне ўжо не ўмяшчае ўсіх, і ўзнікла неабходнасць будаваць свой храм, каб у парафіян быў свой дом, дом Божы, каб яны маглі маліцца і прымаць святыя сакрамэнты”.

Толькі мінулым летам парафія атрымала кавалак зямлі і даволі хутка, праз год вырасла капліца. Пабудавана яна на ахвяраванні вернікаў і дабрачынныя паступленні спонсараў. І хоць ў гэты момант голас пробашча ўнутры храма гучыць з рэхам, ужо зараз тут кожны дзень праходзіць св. Імша. Капліца разлічана на 200 чалавек, але ўжо сёння святары задумваюцца аб будынку касцёла. Відавочна, з цягам часу і капліцы будзе недастаткова, тым больш, што ў акрузе на даволі значнай тэрыторыі, больш няма ніводнага хрысціянскага храма.

“Парафія налічвае 500-800 чалавек, але я думаю гэта яшчэ не мяжа, гэта толькі пачатак. Храм з’яўляецца такім знакам для людзей, шукаючых Бога, але і месцам, дзе яны могуць паразмаўляць з Богам. На працягу некалькіх месяцаў, калі ў нас праходзяць набажэнсты, прыходзіць усё больш і больш новых людзей, і не толькі католікаў. Прыходзяць у храм, каб не толькі паглядзець, але і памаліцца. І яны ўжо застаюцца і пачынаюць духоўнае жыццё”.

Свае “цэнтры духоўнасці” у апошнія гады з’яўляюцца ў розных кутках Мінска. Будаўніцтва каталіцкіх храмаў ідзе актыўна – амаль у кожным мікрараёне. Ужо можна бачыць абрысы новага касцёла ў Серабранцы і Каменнай горцы, дзе таксама ёсць ужо і капліцы. Фундамент новага касцёла закладзены ў Чыжоўцы. Пабудаваныя капліцы ў Лошыцы і Гатаве. Будынак пад парафіяльны цэнтр атрыманы ў Ждановічах, ва Уруччы – зямля пад будаўніцтва, а ў Шабанах – нядаўна зарэгістравана парафія.

“Да гэтага было вельмі мала касцёлаў, і яны знаходзіліся ў цэнтры. А зараз паўстаюць новыя касцёлы, новыя капліцы ў розных мікрараёнах, і я думаю гэта яшчэ не ўсё, будуць паўставаць наступныя храмы”.

Маленькая капліца Маці Божай Шкаплернай у цяперашні час – і вялікая праца ў будучым – прызнаецца айцец Сяргей. Завадскі раён сталіцы мае нядобрую славу – тут ёсць катэгорыя праблемнага насельніцтва – святары маюць намер дапамагаць людзям з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю.

“Перш за ўсё наш Ордэн будзе займацца духоўным развіццём, духоўным паглыбленнем свецкага чалавека. Таксама пры нашай парафіі ёсць свецкі ордэн кармелітаў босых. Гэта свецкія людзі, якія праз духоўнасць Святога Кармэлю і св. Тэрэзы Авільскай, св. Яна ад Крыжа хочуць паглыбіць сваё духоўнае жыццё. Гэта звычайныя людзі, якія жывуць у сем’ях, працуюць, але складаюць Богу абяцанні, больш чым звычайныя хрысціяне. Гэта абяцанні чысціні, убоства, паслухмянасці паводле свайго стану. Гэта группа хоча паглыбіць сваё духоўнае жыццё, і мы будзем ім у гэтым дапамагаць. Таксама Ордэн кармелітаў у Беларусі вельмі актыўна ўключаны ў выхаванне да сямейнага жыцця. Шмат людзей з нашай парафіі праходзяць курсы дарадчыкаў сямейнага жыцця, і ў будучым плануем стварыць такое душпастырства сямейнага жыцця, уключыць у яго не толькі святароў, але і свецкіх, псіхолагаў. Гэта таксама такая перспектыва для святароў дапамагаць выходзіць з праблем і шукаць дарогу да Бога”.

На асвячэнне новага мінскага храма запрошаны шматлікія госці. Св. Імшу ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пакуль жа святары і вернікі парафіі рыхтуюцца да падзеі, пасля якой капліца зажыве паўнавартасным жыццём.







All the contents on this site are copyrighted ©.