2012-06-21 12:38:00

Кардынал да палітыкаў: эканамічны рост не можа быць адзінай мэтай развіцця


RealAudioMP3 Кардынал Рэйнхард Маркс, старшыня Камісіі Епіскапатаў краін Еўрапейскага Саюза, скіраваў спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў Канферэнцыі ААН аб устойлівым развіцці, якая 20 чэрвеня пачалася ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра. Свой зварот іерарх назваў: “Сумесная адказнасць за заўтрашні свет”. “З хрысціянскага пункту гледжання прызнанне чалавечай годнасці з’яўляецца асновай устойлівага развіцця”, - адзначыў іерарх і дадаў, што ў гэтым сэнсе ўстойлівасць, як прынцып усебаковага чалавечага развіцця, мае за мэту знайсці раўнавагу паміж сацыяльнымі, эканамічнымі і экалагічнымі патрэбамі.

Кардынал Маркс нагадаў, што ўстойлівасць павінна суправаджацца салідарнасцю, асабліва ў дачыненні да бедных. “Устойлівае развіццё павінна ўключаць у сябе змены не толькі ў вытворчасці, але таксама і ў спажыванні”, - адзначыў еўрапейскі іерарх. Ён нагадаў, што эканамічны рост не павінен быць адзінай мэтай развіцця чалавека. “Хрысціяне павінны крытычна ставіцца да стыляў жыцця, якія скіраваны выключна на спажывецтва, у прыватнасці на непрапарцыянальнае выкарыстанне энергіі”, - адзначыў кардынал Маркс. Ён нагадаў, што супрацоўніцтва павінна быць імператывам для будучыні, а прынцып субсідыярнасці павінен стаць палітычным прыярытэтам уладаў усіх узроўняў, у якім павінны прымаць актыўны удзел грамадзянскія супольнасці, прыватны сектар і Касцёл.

“Тое, што па сутнасці з’яўляецца неабходным – гэта навяртанне сэрца і розуму, каб развіццё не было толькі аднамерным, і не тычылася толькі барацьбы з беднасцю і голадам, свабодным доступам да пітнай вады, ахвовы здароўя і адукацыі”, - сказаў кардынал і дадаў, што мы павінны станавіцца ўсё больш шчодрымі, праяўляючы сваю салідарнасць і працуючы над новай культурай, якая паважае Бога, справядлівасць і сапраўднае чалавечае развіццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.