2012-06-21 12:18:46

Бэнэдыкт XVI сустрэўся з членамі Сходу па справах дапамогі Усходнім Касцёлам


RealAudioMP3 21 чэрвеня Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў cесіі Сходу па справах дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO). Форум арганізацыі праходзіў ў Рыме 18-20 чэрвеня. Звяртаючыся да прысутных, Папа адзначыў, што актуальная сацыяльна-эканамічная сітуацыя мае наступствы для касцёльнага жыцця у тым ліку і на Усходзе – “радзіме старажытных хрысціянскіх традыцый”. Святы Айцец сказаў, што існуючыя нестабільнасць і небяспека ўскладняюць дыялог, перашкаджаюць спакойнаму і мірнаму суіснаванню паміж народамі, павазе да правоў чалавека, асабліва да свабоды веравызнання. Паводле Святога Айца гэта права павінна гарантавацца не толькі адносна публічнага вызнавання веры, але таксама пастырскай, адукацыйнай і сацыяльнай дзейнасці. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на праблемы ў Сірыі і выразіў сваю блізкасць да нявінных ахвяр канфлікта ў гэтай краіне. Ён выказваў спадзяванне, што малітва і дзейнасць Касцёла, “стане алеем суцяшэння” і дапаможа падтрымліваць святло надзеі ў гэтыя моманты цемры. Папа заклікаў міжнародную супольнасць дапамагчы Сірыі выйсці з крызісу і гарантаваць насельніцтву неабходную гуманітарную дапамогу.

“Будзьце заўсёды знакам любові, якая паходзіць з сэрца Хрыста і прадстаўляе Касцёл свету ў яго самай сапраўднай сутнасці і місіі, ставячы яго на служэнне Богу, які ёсць Любоўю”, - заахвоціў членаў Сходу па справах дапамогі Усходнім Касцёлам Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.