2012-06-19 16:47:58

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Ці была каланізацыя Амерыкі варварскай?


RealAudioMP3 XVI ст. Англія. Кароль Генрых VIIІ для таго, каб легалізаваць свае шматлікія разводы ізаляваў краіну ад усяго хрысціянскага свету, абвясціўшы самаго сябе кіраўніком Царквы на туманным альбіёне. Пасля смерці манарха, дзве яго дачкі, каталічка Марыя і англіканка Елізавета, пачалі супернічаць за карону. Марыя, каб умацаваць свае пазіцыі, выйшла замуж за іспанскага прынца Філіпа ІІ. У той час Іспанія была самай магутнай дзяржавай Еўропы і многія глядзелі з зайздрасцю на яе адзінства, сусветную магутнасць, адкрыццё Амерыкі. У Англіі гэты шлюб выклікаў адмоўную рэакцыю: няўжо іспанцы будуць панаваць і тут? Гэта вакарыстала Елізавета. Яна вырашыла аслабіць Іспанію ў вачах сваіх падданых любым коштам. Для рэалізацыі сваёй мэты яна задзейнічала банды пірата Фрэнсіса Дрэйка, які зрабіў небяспечнымі воды падкантрольныя Іспанскай кароне, і зброю больш магутную – прапаганду.

Менавіта англійская прапаганда XVI ст. стварыла міфы аб Іспаніі, як краіне крыважэрных забойцаў і рэлігійных фанатыкаў. У гісторыі гэтыя міфы атрымалі назву “чорныя легенды” – ад іспанскага “leyenda negra”. Яны тычыліся многіх сфер, адной з якіх была нібыта варварская каланізацыя Іспаніяй Паўднёвай Амерыкі. Паколькі іспанскія манархі насілі тытул “каталіцкіх”, міфы сталі актыўна выкарыстоўвацца і іншымі пратэстанскімі краінамі – Галандыяй, а затым Паўночнай Амерыкай. Яны настолькі ўвайшлі ў свядомасць людзей, што нават многія сучасныя католікі: святары, законнікі, свецкія выступалі супраць святкавання 500-годдзя адкрыцця Амерыкі Калумбам, якое адзначался ў 1992 г. Так ці сапраўды каланізацыя Амерыкі была варварскай і ці католікі павінны сароміцца за яе? Аб гэтым мы пагаворым сёння.

Французскі гісторык, Пьер Шано пісаў, што антыіспанская прапаганда выконвала ролю “зручнага клапана”. Паводле яго, “прыдуманым генацыдам індзейцаў, нібыта учыненым ў XVI ст., можа было прыкрыць масавыя забойствы здзейсненыя паўночнымі амерыканцамі ў ХІХ ст. на заходніх межах”. Паглядзіце – там дзе каланізатарамі былі іспанцы амаль усе сучасныя жыхары з’яўляюцца чырвонаскурымі. Але на Поўначы, там дзе каланізацыю праводзілі пратэстанты англасаксы, засталося не больш за 10 тыс. карэнных жыхароў. Менавіта на пратэстанскай Поўначы, а не на каталіцкім Поўдні, панаваў варварскі расізм і меркаванне, што індзейцы – стварэнні інтэлектуальна і маральна недаразвітыя.

Іспанскіх каланізатараў абвінавачваюць у знішчэнні самабытнай індзейскай культуры. Але і гэта не праўда – на Поўначы, цалкам дамінуе еўрапейская англасаксонская культура, у той час як на Поўдні, мясцовая культура індзейцаў узяла толькі некаторыя рысы ад іспанскай і працягвае існаваць сёння. Менавіта каталіцкія місіянеры дапамаглі мясцовым народам развіваць сваю культуру. Напрыклад, стварылі алфавіт для моваў індзейцаў Перу, Чылі, і іншых краін.

Існуе меркаванне, што захоп іспанцамі тэрыторыі Амерыкі з’яўляецца амаральным сам па сабе. Але варта падкрэсліць, што і яны, калі прыбылі на новыя землі, таксама сустрэліся з захопнікамі. Ацтэкі і інкі не былі нявіннымі анёламі. Яны стварылі свае імперыі на крыві больш малых народаў, якіх пераўтварылі ў рабоў. Вера ацтэкаў была вельмі жорсткай – яны шырока практыкавалі масавыя чалавечыя ахвярныя забойствы. За адзін раз у ахвяру маглі быць прынесены нават да 80 тыс. палонных з суседніх плямёнаў, бо лічылася, што ахвяраванні павінны былі быць бесперапыннымі.

Тое, што іспанцы карысталіся вялікай падтрымкай мясцовага насельніцтва, падцвярджае той факт, што на працягу амаль трох стагоддзяў іх панавання не было зафіксавана ніводнага паўстання. Іспанцы не дзейнічалі сілай зброі – канкістадораў было параўнальна няшмат, мясцовы клімат ствараў перашкоды для выкарыстання пораху, а коні ў джунглях былі абсалютна не манёўраныя.

Варта пагадзіцца, што ў каланізацыі існавалі негатыўныя моманты. Сапраўды мільёны індзейцаў загінулі, але паводле навукоўцаў, прычынай іх смерці была не зброя чужакоў, але невядомыя хваробы прывезеныя з Еўропы. Індзейцы не былі адаптаваныя да туберкулёзу, запалення лёгкіх, грыпу, оспы, што прыводзіла да вялікай смяротнасці.

Яшчэ адным міфам з’яўляецца легенда пра масавае выкарыстанне індзейцаў у якасці рабскай сілы. Так, сапраўды, прымус да рабства існаваў у першыя гады каланізацыі, але ён быў вынікам прыватнай ініцыятывы Калумба. Пасля таго, як каралева Іспаніі Ізабэла даведалася аб пазбаўленні мясцовых жыхароў свабоды, яна адразу адрэагавала. Сваім загадам ад 1500 г. яна прымусіла вызваліць усіх індзейцаў, а Калумб быў пазбаўлены права кіраваць новымі землямі. У падцвярджэнне намераў каралевы варта працытаваць радкі з яе запавету, напісанага перад смерцю ў 1504 г.: “Наш намер заключаецца ў тым, каб на прызнаных намі астравах і матэрыках, як адкрытых, так і яшчэ не адкрытых, распаўсюджваць нашу каталіцкую веру, пасылаючы сюды святароў і іншых мудрых асоб, якія баяцца Бога, каб з запалам вучылі мясцовых жыхароў веры і добрым манерам. Таму сардэчна прашу майго караля і загавадаю маёй дачцы княгіне і яе мужу, князю, каб імкнуліся не дапускаць прычынення асабістай і матэрыяльнай крыўды жыхарам пералічаных земляў. Зрабіце ўсё магчымае, каб адносіцца да іх гуманна і справядліва, а калі ў чым небудзь будзе нанесена шкода – няхай будзе выпраўлена”. Гэта ўнікальны па сваім змесце дакумент, бо пабоднага не існуе ў гісторыі ніводнай каланіяльнай дзяржавы. Варта адзначыць, што ў 1512 г. кароль Іспаніі Карл І падпісаў спецыяльны закон, якія абавязваў іспанцаў гуманна адносіцца да індзейцаў.

Такім чынам мы бачым, што іспанская каланізацыя Амерыкі, пры ўсіх недахопах і некаторых злоўжываннях, была станоўчай для мясцовага насельніцтва. Іспанцы прынеслі Евангелле, пазбавілі індзейцаў варварскіх звычаяў, дапамаглі развіваць культуру, спрыялі іх знаёмству з дасягненнямі тэхнікі, баранілі іх правы. Сітуацыю індзейцаў у Паўночнай Амерыцы нават нельга параўнаць з тым, што было асягнута на Поўдні, і факты гэта падцвярджаюць. Гісторыі аб генацыдзе добрых народаў, вынішчэнні мясцовых культур іспанцамі, была прыдумана з палітычнай мэтай і на працягу стагоддзяў працягвае выкарыстоўвацца ў якасці антыіспанскай і антыкаталіцкай прапаганды.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка







All the contents on this site are copyrighted ©.