2012-06-19 14:50:00

Святы Пасад занепакоены лёсам цыган


RealAudioMP3 У венгерскім горадзе Эгер, праходзіць першы міжнародны семінар, прысвечаны праектам інтэграцыі Ромаў у грамадствы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Арганізатарам мерапрыемства выступіла камісія душпастырства Ромаў пры Канферэнцыі Біскупаў Венгрыі, у супрацоўніцтве з нямецкай дабрачыннай арганізацыяй “Renovabis”. 19 чэрвеня на форуме выступіў кс. Габрыэле Бэнтоліо, падсакратар Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Ён адзначыў, што цыгане жывуць пераважна ў нефармальных паселішчах, часта пазбаўленыя вадаправоду і электрычнасці; яны маюць вялікія праблемы з доступам да медыцынскай дапамогі.

“У некаторых краінах Еўрасаюзу іх дзеці ходзяць у спецшколы, а шматлікія жанчыны падвяргаюццца прымусовай стэрылізацыі”, - паведаміў кс. Бэнтоліо і дадаў, што ў Еўропе расізм адносна цыган не толькі не знік, але да сённяшняга дня аказвае ўплыў на грамадскую думку, ствараючы сярод насельніцтва меркаванне, якое не спрыяе салідарнасці і ўзаемнай павазе. “Шлях да інтэграцыі ўключае прызнанне годнасці і важнасці кожнага чалавека, роўнасці правоў і абавязкаў”, - падкрэсліў святар.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў аб працы Касцёла на карысць цыганаў і яго закіках паважаць іх традыцыю і культуру. Святар падкрэсліў неабходнасць дапамогі з боку еўрапейскіх краін для паляпшэння ўзроўню жыцця гэтага народу. Кс. Бэнтоліо падкрэсліў, што Касцёл не бачыць іншага выйсця, як спрыяць паляпшэнню іміджа цыганаў, што ў сваю чаргу з’яўляецца ўкладам у стварэнне адкрытага, салідарнага і справядлівага еўрапейскага грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.