2012-06-19 15:46:05

Святы Айцец паедзе да ахвяр землятрусу на поўначы Італіі


RealAudioMP3 19 чэрвеня Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што 26 чэрвеня Бэнэдыкт ХVI наведае італьянскі рэгіён Эмілія-Раманья, які нядаўна пацярпеў ад моцнага землятрусу. Святы Айцец наведае Карпі, Ровэрэто і Нові, накіруецца ў так званую “чырвоную зону” (месца найбольшай небяспекі), дзе знаходзіцца моцна пашкоджаны касцёл св. Кацярыны Александрыйскай. Паводле паведамлення Залы Друку, на Спартыўнай плошчы Ровэрэто Папа сустрэнецца з біскупамі, святарамі, вернікамі, прадстаўнікамі мясцовых уладаў і прадпрымальнікамі. Вяртанне Святога Айца ў Ватыкан запланавана на другую палову дня.

У паведамленні Залы Друку адзначаецца, што шматразовы землятрус абрынуўся на рэгіён Эмілія-Раманья ў маі, прычыніўшы вялікія шкоды і прывёўшы да шматлікіх ахвяр сярод насельніцтва. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку сказаў, што Святы Айцец пастаянна думае аб гэтай трагерыі. “Бэнэдыкт ХVI неаднаразова заклікаў да салідарнасці з ахвярамі, асабліва падчас Сусветнай сустрэчы сем’яў у Мілане”. Святар нагадаў, што Папа ахвяраваў 50 тыс. еўра на дапамогу ахвярам землятрусу.








All the contents on this site are copyrighted ©.