2012-06-18 11:34:56

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Адчуванне святасці – важная рыса хрысціяніна


RealAudioMP3 Напрацягу нашых спатканняў мы імкнемся разабрацца ў разнастайных праблемах, з якімі прыходзіцца сустракацца вернікам у сучасным свеце. Сёння я хачу запрасіць вас прыгледзецца да чарговых спакусаў, праз якія свецкая ідэалогія намагаецца падарваць асновы жыцця хрысціяніна ў 21 стагоддзі.

Калі паспрабаваць акрэсліць прынамсі найбольш значныя спакусы секулярызму, то атрымаецца цікавы ланцужок з трох найбольш небяспечных пастак. Першая з іх – гэта інфантыльная ілюзія безадказнай свабоды, якая не зважае на наступствы. Другая - гэта размыццё пачуцця “sacrum” (святога месца, рэчы, стану і г.д.). Трэцяя пастка - гэта ўражанне паўсюднай адноснасці і суб’ектыўнасці.

У сённяшняй перадачы мы паназіраем за тым, як секулярнае мысленне разбурае пачуццё святасці, а таксама пашукаем найбольш аптымальныя сродкі супрацьдзеяння гэтай небяспечнай духоўнай пастцы.

Назіраючы за тым, як вернікі рэагуюць на подступы секулярнай ідэалогіі, можна падзяліць іх на тры асноўныя групы. Першая – гэта тыя, хто паддаўся спакусе. Другая – гэта тыя, хто баязліва ўцякае. Трэцяя група вернікаў – гэта тыя, хто змагаецца са спакусамі.

Да першай з выдзеленых намі груп адносяцца хрысціяне, якіх паглынае секулярны погляд на свет. Многія спецыялісты зазначаюць, што адным з яскравых паказчыкаў гэтага з’яўляецца разбурэнне пачуцця святасці. У практыцы праблемы са сферай “sacrum” (святога) звычайна праяўляюцца ў тым, што хрысціянін перастае адрозніваць стан грахоўнасці ад стану жыцця ў Божай ласцы. Падсычаная адпаведнай прапагандай асоба пачынае сама для сябе вырашаць, што святое, а што грэшнае. Яна сама сабе прабачае грахі, заглушае сумленне, прыдумвае тысячы прычын, каб не ісці да споведзі. І ў той самы час дазваляе сабе прымаць святую Камунію. Далейшае разбурэнне пачуцця “sacrum” (святога) можа давесці да таго, што асоба перастане зважаць на святыя месцы і рэчы. Рэлігійныя прадметы перастаюць быць прыладай сустрэчы з Богам і ператвараюцца ў дэкарацыю, якая будзіць толькі эстэтычныя эмоцыі. Даведзеная да крайнасці асоба ўвогуле пачынае пазбаўляцца ад усяго, што нагадвае пра Бога. Зводзіць да мінімуму сферу святога і максімальна пашырае сферу свецкага і матэрыяльнага.

Разбурэнне пачуцця “sacrum” датычыць не толькі адносінаў чалавека да рэлігійных прадметаў, але і да асобаў, звязаных з рэлігіяй. Вельмі часта зсекулярызаваныя хрысціяне з велізарнай непрапарцыянальнасцю завастраюць увагу на людскіх слабасцях вернікаў і духавенства. І ў той самы час яны вёртка ўхіляюцца ад тэмы Божага дзеяння ў жыцці чалавека.

Яшчэ больш цікавая сітуацыя з іншай катэгорыяй вернікаў. Гэта асобы, ўпэўненыя ў тым, што яны дакладна адкрылі подступы секулярнасці. Як вынік – яны пачынаюць барацьбу за захаванне сферы “sacrum”. Знешне такія асобы можна пазнаць па паказной пабожнасці, перабольшаным пачуцці адказнасці за Касцёл, перкананні, што яны – эталон ідэальнага верніка. Гэтыя асобы імкнуцца любым чынам звярнуць на сябе ўвагу, напрыклад, непрапарцыянальна гучнай малітвай, дзеяннямі наперакор агульна прынятым звычаям. Іх гратэскная пабожнасць і ваяўнічасць вельмі часта з’яўляецца толькі шыльдай, за якой хаваюцца вялікія страхі і сумненні. Гэтых людзей ратуе тое, што яны верна трываюць у Касцёле, таму маюць шанец выйсці з унутранай глухаты, перастаць жыць толькі пошукам ворага. Аднак у жыцці такіх вернікаў усцяж застаецца небяспека зламацца ад бяссілля, стаміўшыся насіць на сабе нікому не патрэбны, цяжкі і абсурдны “панцыр Дон Кіхота”.

Урэшце трэцяя група вернікаў – гэта тыя, хто не паддаўся секулярнаму мысленню, не ўцякае ад ад спакусаў у самаробныя панцыры. Гэта хрысціяне, якія замест пошуку ворагаў выбралі шлях развіцця адносінаў з сябрамі і з тым найважнейшым сябрам – Панам Богам. Не губляючы свае сілы на супраціўніка, яны разрываюць пупавіну залежнасці ад непрыцяцеля. Яны больш шукаюць Божае, чым людское ў свеце і ў Касцёле. Дзякуючы гэтаму, яны глыбока разумеюць дзеянне Пана Бога, Яго планы адносна чалавека і свету. Гэта тыя людзі, якія адэкватна адчуваюць прапорцыі паміж слабасцю чалавека і моцай Бога. Іх вера не захістаецца ні ад плётак, ні ад чужых слабасцей, ні ад спакусаў. Бо сіла гэтых людзей грунтуецца не на чалавечай мудрасці, але на досведзе моцы і дзеняя Жывога Бога як у Касцёле, так і ў іх прыватным жыцці.

Хацелася б, шаноўныя радыёслухачы, пажадаць, каб сярод хрысціянаў было як найбольш такіх людзей, якія шукаюць моц Бога больш, чым слабасць чалавека. Тады няма чаго баяцца подступаў секулярызма. Усведамляючы спакусы, варта пазнаваць сапраўднае, цудоўнае аблічча Бога і Яго Касцёла. Пачаць жыць не тым, што прафаннае (грэшнае), але тым што Божае і святое.








All the contents on this site are copyrighted ©.