2012-06-16 13:07:49

Пінск: інгрэс біскупа Антонія Дзям’янкі


RealAudioMP3 16 чэрвеня ў катэдральным касцёле ў Пінску адбылася цырымонія кананічнага ўступлення біскупа Антонія Дзям’янкі на пасаду ардынарыя Пінскай дыяцэзіі. “3 мая 2012 г. назаўсёды ўпішацца ў гісторыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі як дзень, калі Яго Святасць папа Бэнэдыкт XVI абвясціў мяне дыяцэзіяльным біскупам Пінскай дыяцэзіі”, - адзначыў у сваім спецыяльным пасланні іерарх. Ён падкрэсліў, што прыходзіць да вернікаў дыяцэзіі з пасланнем якое абраў шмат гадоў таму прымаючы біскупае пасвячэнне “Ut unum sint” – “Каб усе былі адно”. “Як ведаем, гэта тыя ж самыя словы, якія прамовіў наш Збаўца ў вячэрніку. Словы, якія пакінуў нам у якасці задання, каб мы заўсёды імкнуліся да таго, што супольнае, да таго, што будуе, а не да падзелаў”, - адзначыў біскуп Дзям’янка. Іерарх падкрэсліў, што гэтыя словы былі і застануцца яго праграмай у душпастырскай дзейнасці.

Біскуп Дзям’янка нагадаў аб гісторыі дыяцэзіі, аб працы на яе тэрыторыі св. Андрэя Баболі, кардынала Казіміра Свёнтка, а таксама шматлікіх святароў і біскупаў. “Браты і сёстры, гісторыя існуе для таго, каб вучыць нас, а мы яе пазнаём, памятаем аб ёй не толькі дзеля таго, каб мець веды, але перадусім дзеля таго, каб рабіць высновы і чэрпаць з яе ў будучыні”, - адзначыў біскуп Дзям’янка. “Распачынаючы новы перыяд дыяцэзіі, хочам толькі пацвердзіць нашу гатоўнасць да трывання ў веры нашых продкаў, праайцоў”, - сказаў іерарх.










All the contents on this site are copyrighted ©.