2012-06-16 11:15:58

Кардынал Бэртонэ: св. айцец Піо паказаў сучаснаму свету годнасць крыжа


RealAudioMP3 “Жыццё і місія св. айца Піо сведчаць, што цяжкасці і боль, калі прымаюцца дзеля любові, перамяняюцца ў прывілеяваны шлях да святасці”, - гэтыя словы бл. Яна Паўла ІІ нагадаў 16 чэрвеня кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ. Іерарх узначаліў св. Імшу з нагоды 10-й гадавіны кананізацыі св. айца Піо з П’етрэльчыны. Яна прайшла ў гарадку Сан Джаванні Ратонда – месцы дзе доўгія гады жыў святы, а зараз захоўваюцца яго рэліківіі. Кардынал Бэртонэ адзначыў, што св. айцец Піо паказаў чалавецтву нашага часу годнасць крыжа, які можа стаць таксама знакам надзеі. “Так, дарагія браты і сёстры, бо крыж неабходны для пераходу да новага жыцця ў Хрысце”, - сказаў кардынал.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што ў Евангеллі, якое чыталася падчас літургіі, прагучала праслаўленне Езусам Айца, за тое, што Ён адкрыў таямніцы Божага Валадарства малым і схаваў іх ад вялікіх і магутных. “Малыя – гэты тыя, якія прымаюць Хрыста, прызнаючы ўласныя слабасці і не баючыся свайго крыжа. Яны не прамаўляюць паводле чалавечай мудрасці, але ў іх прамаўляе знаёмства з Богам і яго любоўю”, - сказаў кардынал Бэртонэ. Ён дадаў, што “веданне любові Айца з’яўляецца праўдай, што ўцякае ад многіх, але яе разумеюць малыя, якія не здольныя трымаць толькі для сябе гэты скарб, а адчуваюць заклік дзяліцца ім з іншымі”. Менавіта гэтыя рысы, паводле кардынала Бэртонэ характарызавалі святарскае служэнне св. айца Піо, які вёў да Хрыста тых, чые целы і душы былі абцяжараны і прыгнечаны.

Іерарх адзначыў, што асоба святога збірала вакол сябе шматлікіх свецкіх. “Айцец Піо пачаў жыць як Хрыстус, таму здолеў увайсці ў блізкі і моцны дыялог з Ім у малітве. Так, знаходзячыся ў школе Хрыста, схіляючы сваю галаву на Яго сэрца і становячыся экспертам у распазнанні Яго ўнутраных памкненняў, ён таксама стаў настаўнікам для тых, хто шукаў айцоўскага духоўнага кіраўніцтва, спрыяючы з’яўленню ў іх плёнаў добрага жыцця”, - сказаў кардынал Бэртонэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.