2012-06-15 11:29:12

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў амерыканскіх католікаў аб’яднацца


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Карла Марыя Вігано заклікаў епіскапат ЗША глядзець на цяжкасці, якія стаяць перад мясцовым Касцёлам, як магчымасць аб’яднацца ў абарону веры. На думку Апостальскага нунцыя ў Злучаных Штатах, бягучыя праблемы трэба ўспрыняць “як запрашэнне для ўсяго Касцёла ў краіне” аднавіць глыбокія зносіны з мясцовымі біскупамі і сыноўнюю паслухмянасць Наступніку св. Пятра. Ватыканскі дыпламат выступіў на пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў ЗША, якая праходзіць у Атланце.

На думку арцыбіскупа Вігано, Касцёл у Злучаных Штатах перажывае “асабліва складаны перыяд сваёй гісторыі”, перыяд адстойвання ​свабоды веравызнання, сумлення і правоў чалавека. Галоўнай пагрозай тут з’яўляецца рэформа аховы здароўя, распрацаваная адміністрацыяй Абамы, якая патрабуе ад працадаўцаў фінансаваць кантрацэпцыю, стэрылізацыю і аборты, нават калі гэта супярэчыць іх сумленню.

Апостальскі нунцый заявіў, што “Касцёл павінен гаварыць адным голасам” у вырашэнні сучасных праблем. “Мы ўсе ведаем, што асноўнай тактыкай ворага з’яўляецца падзел Касцёла”, сказаў ён. Ватыканскі дыпламат падтрымаў ініцыятыву “Два тыдні свабоды”, якая будзе праводзіцца перад Днём Незалежнасці краіны, як выраз нязгоды католікаў з апошнімі палітычнымі і грамадскімі ініцыятывамі кіраўніцтва.







All the contents on this site are copyrighted ©.