2012-06-14 13:03:17

Арцыбіскуп Мамбэрці: інтэграцыя Еўропы на маральным фундаменце


RealAudioMP3 Існуючы крызіс прадэманстраваў, што для далейшай інтэграцыі Еўропы неабходны моцны маральны фундамент. Такое меркаванне выказаў арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, сакратар па адносінах з дзяржавамі, звяртаючыся да паслоў краін Еўрапейскага саюза, акрэдытаваных пры Апостальскай Сталіцы. Сённяшняя “L’Osservatore Romano”, цытуючы словы іерарха, адзначае, што “спробы выйсця з крызісу не могуць грунтавацца толькі на пошуку тэхнічных рашэнняў, нават самых новых, але павінны чэрпаць натхненне з супольнага еўрапейскага фундаменту, у якім асоба і адказнасць чалавека з’яўляюцца незаменнымі рэсурсамі”. Арцыбіскуп Мамбэрці адзначыў, што гаворка не ідзе аб неабходнасці “увядзення рэлігійнага прынцыпу, але прызнання (...) таго, што ў фундаменце еўрапейскай цывілізацыі знаходзіцца хрысціянства”. На думку прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, каб вярнуцца на шлях свайго развіцця, Еўропа павінна паставіць у цэнтр сваёй увагі не рынкі і ўстановы, а чалавека, спрыянне жыццю і сям’і. “Адным з самых галоўных сучасных выклікаў з’яўляецца садзейнічанне занятасці і вытворчасці. Ад гэтага залежыць магчымасць вяртання і развіцця”, - сказаў іерарх. Ён падкрэсліў, што гэты шлях з’яўляецца нялёгкім, але магчымым, і яго вынік залежыць ад гатоўнасці людзей “ахвяраваць чымсьці з сябе”. Паводле арцыбіскупа Мамбэрці, ніхто “не будзе гатовы ахвяраваць, без далягляду ідэалаў, якія гэтаму ахвяраванню нададуць сэнс і мэту”.








All the contents on this site are copyrighted ©.