2012-06-12 17:16:49

Мітрапаліт Кандрусевіч: аб Беларусі павінны ведаць не толькі па Чампіянаце па хакеі


RealAudioMP3 У беларускіх сродках масавай інфармацыі хутка распаўсюдзілася навіна аб месцы правядзення наступнага, чацвёрты па ліку, Еўрапейскага каталіцка-праваслаўнага форуму. Ім стане Мінск. Прэстыжную міжнародную канферэнцыю беларуская сталіца будзе прымаць у 2014 г. Як такое адбылося? Рашэнне было прынята на трэцім форуме, які завяршыўся на мінулым тыдні ў Лісабоне. Заяўку на правядзенне падаў глава Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. А вось адстаяць яе і схіліць позірк высокага сабрання на ўсход Еўропы, трэба было арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму. І яго аргументы былі “жалезныя”.

“Аргументаў было шмат. Напрыклад, аб тым, што паміж праваслаўнымі і католікамі ў Беларусі добрыя адносіны, ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. У нас таксама шмат супольных праграм, мы працуем супольна над фармацыяй моладзі. На тэалагічным факультэце выкладаюць нашы прафесары і вучацца нашы студэнты. Канференцыя розныя таксама сумесна праводзім, на набажэнствах прысутнічаем адзін у аднаго. Таксама Мінск з’яўляецца месцам, дзе магчыма рэалізуецца мара благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, каб Еўропа дыхала двума лёгкімі, бо з аднаго боку вуліцы каталіцкая катэдра, а з другога – праваслаўная. Калі я скончыў сваю прамову ў Лісабоне, былі толькі апладысменты. Я зразумеў, што мы выйгралі”, - падзяліўся арцыбіскуп Кандрусевіч.

Каталіцка-праваслаўныя сустрэчы праходзяць раз у два гады чаргова ў краінах з праваслаўнай і каталіцкай большасцю. Пасля правядзення першага, у італьянскім Трэнта, эстафету перадалі грэцкаму востраву Родас, а затым – партугальскаму Лісабону. Наперадзе – Мінск. Праблемы сям’і, адносіны паміж Царквой і дзяржавай, фінансавы крызіс і беднасць у Еўропе – тэмы для разважання шукаць не трэба, іх падкідвае само жыццё.

“І католікі, і праваслаўныя маюць шмат супольнага ў сацыяльным вучэнні і могуць быць такім адзіным голасам ў сучасным свеце, поўным трывог і выклікаў”, - адзначыў Мітрапаліт.

Трэба сказаць, што Каталіцка-праваслаўны форум – гэта ўвогуле добрая пляцоўка для развіцця дыялогу паміж канфесіямі. Сустаршыні форуму прадстаўляюць дзве галіны хрысціянства – з каталіцкага боку, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы арцыбіскуп Пэтэр Эрдо, а з боку Канстанцінопальскага Патрыярхату, Мітрапаліт Сакскі Генадзіўс. Гэта пляцоўка, якая кожны раз збірае каля 40 аўтарытэтных іэрархаў з усёй Еўропы. І магчыма ўсіх іх можна чакаць у Беларусі.

“Я вельмі рады, што так адбылося, бо гэта падцвяржанне таго, што сапраўды ў нас адносіны добрыя. У канцы канцоў аб Беларусі павінны ведаць не толькі дзякуючы Чампіянату па хакеі, але і таксама з пункту гледжання экуменічных адносін”.

І тэма, і час форуму яшчэ будуць удакладняцца, як унутры краіны, так і з замежнымі ўдзельнікамі. Адной з прапаноў было прысвяціць мінскі форум тэме хрысціяніна ў сучасным свеце.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.