2012-06-11 11:44:26

Папа да будучых дыпламатаў Святога Пасаду: сябруйце з Касцёламі і супольнасцямі, куды вас накіруюць


RealAudioMP3 11 чэрвеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі Папскай Касцёльнай Акадэміі – установы, якая рыхтуе дыпламатычных прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы. Сустрэча прайшла з нагоды заканчэння навучальнага года і падрыхтоўкі выпускнікоў акадэміі да пачатку выканання дыпламатычнай місіі. У сваёй прамове Пантыфік звярнуў увагу на цноту вернасці. Святы Айцец нагадаў, што ў біблійным кантэксце вернасць, гэта перш за ўсё Боская характарыстыка, якую Стварыцель перадаў чалавеку. Ён заклікаў будучых дыпламатаў “захоўваць сувязь з Вікарыем Хрыста, як частку сваёй духоўнасці”. “Канешне, гэта тычыцца кожнага католіка, і яшчэ больш кожнага святара”, - сказаў Папа і дадаў, што для тых хто дзейнічае ад імя Апостальскай Сталіцы, гэта вымярэнне набывае асаблівы характар. “Гаворка ідзе аб вялікай адказнасці, а таксама аб асаблівым дары”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа падкрэсліў, што дыпламатычныя прадстаўнікі Святога Пасаду пакліканы да “сапраўднага сяброўства” з тымі мясцовымі Касцёламі і супольнасцямі ў якія яны будуць накіраваны. Святы Айцец патлумачыў, што гэта “сяброўства” “канкрэтызуецца праз руплівую штодзённую працу, прысутнасць паміж імі ў сумныя, шчаслівыя ці нават драматычныя моманты гісторыі, набыццё глыбокіх ведаў аб іх культуры, касцёльным жыцці, каб быць здольнымі ацэніць наколькі Божая ласка дзейнічала ў кожным народзе і нацыі”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што такім чынам нунцыі змогуць спрыяць умацаванню вернасці Рымскаму Пантыфіку з боку мясцовых Касцёлаў і дапамагчы самаму Наступніку св. Пятра быць верным місіі атрыманай ад Хрыста, даючы яму магчымасць лепш ведаць стататак яму давераны і больш эфектыўна дасягаць яго сваім словам, блізасцю і любоўю”.








All the contents on this site are copyrighted ©.