Мы працягваем разважанні
аб сакрамэнце канфірмацыі. У папярэдніх праграмах мы размаўлялі аб дарах Святога Духа:
боязі Божай, пабожнасці, умеласці, радзе, мужнасці і розуме. Ці можна якім-небудзь
адным словам акрэсліць чалавека, які мае ўсе гэтыя дары? Давайце паразважаем.
Чалавек,
які валодае дарам боязі Божай – гэта той, які бачыць небяспекі для сваёй душы і ўласных
адносін з Богам. Які валодае дарам пабожнасці – гэта той, што ўдзячны Богу за атрыманыя
дары. Чалавек, які валодае дарам умеласці – бачыць глыбіню і сапраўднае прызначэнне
рэчаў. Той, які валодае дарам рады – здольны адмаўляцца ад нечага, каб у выніку атрымаць
нешта большае. Дарам мужнасці валодае той, хто бачыць у крыжы і выпрабаваннях шчаслівае
месца сустрэчы з Богам. І нарэшце, чалавек надзелены дарам розуму бачыць фундаментальную,
звышнатуральную мэту кожнага іншага чалавека, і на гэтым веданні будуе свае адносіны
з імі. Дык вось, як адным словам можна назваць такога чалавека? Паспрабуем назваць
яго мудрым – тым хто валодае дарам мудрасці.
Узнікае яшчэ адно пытанне: што
аб’ядноўвае ўсе тыя дары, аб якіх мы ўжо размаўлялі ў мінулых праграмах? Што агульнае
неабходна для таго, каб бачыць свае абмежаванні, быць удзячным, мець сапраўдныя адносіны
з бліжнімі, быць здольным адмаўляць сабе ў тым ці іншым, давяраць Богу у выпрабаваннях?
Усе гэтыя характэрыстыкі патрабуюць аднаго – пакоры, здольнасці бачыць сябе малымі,
глядзець на сябе ў праўдзе, бачыць сваё месца адносна Бога. Пакора ў чалавеку сведчыць
аб тым, што ён ведае праўду.
Цікава, што слова “пакора” у многіх еўрапейскіх
мовах паходзіць ад лацінскага слова “humus” – зямля. (“umiltà” (іт.), “humility” (англ.),
“humilidad” (пар.). Паводле кнігі Быцця, чалавек быў створаны з зямлі – таму пакора,
азначае здольнасць ведаць свае карані, ведаць самаго сябе, ведаць аб тым, адкуль паходзіш
і хто твой Стварыцель.
Мудрасць заключаецца менавіта ў гэтым – ВЕДАЦЬ. Але
ўвага! Часта мы называем мудрымі людзей, якія шмат ведаюць, маюць высокі інтэлектуальны
і культурны ўзровень. Але неабходна паглядзець на прычыну і корань гэтых здольнасцяў
чалавека. Калі ў аснове яго інтэлектуальных здольнасцяў ляжыць эгаізм, то карысці
ад іх будзе нешмат. Але, калі ў фундаменце багатых ведаў чалавека ёсць пакора – тады
гэтыя веды пачынаюць служыць іншым людзям.
Ёсць адна рэч, аб якой мы абавязкова
павінны ведаць – ХТО ТАКІ БОГ. Аб гэтым ведае мудры. Падумайце – што скраў змей спакусіцель
у Адама і Евы? Ён скраў з іх сэрцаў веданне Бога – ён пазбавіў іх памяці аб тым, што
Бог добры, міласэрны, любячы. Адам і Ева, адразу адчулі сорам. Разам з разуменнем
Бога, які згубілі сапраўднае разуменне саміх сябе. Толькі Бог, сваёй любоўю, вучыць
нас таму, кім мы з’яўляемся.
Св. Францішак з Асізі, на пачатку свайго навяртання,
калі маліўся казаў: “Пане Божа – хто Ты, і хто я? Гэта малітва мудрага чалавека. У
нашым жыцці мы павінны ведаць, кім мы з’яўляемся перад Богам і кім з’яўляецца Бог
перад намі. Хто такі я для Бога, і хто такі Бог для мяне? Ад гэтага паходзіць усё
астатняе.
Мудрасць заключаецца ў веданні таго, наколькі Бог мяне любіць. Веданне
аб любові Бога вядзе нас да разумення небяспекі звязанай са стратай адносін з Ім.
Ад ведання аб любові Бога паходзіць удзячнасць Яму, разуменне глыбіні рэчаў, здольнасць
адмаўляцца ад непатрэбнага, давер ў цяжкія хвіліны, усведамленне каштоўнасці бліжніх.
Такім чынам, менавіта дар мудрасці аб’ядноўвае усе тыя дары, аб якіх мы размаўлялі
ў папярэдніх праграмах.