2012-06-09 11:56:16

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Апостальства – адказ на подступы секулярызму


RealAudioMP3 Напрацягу нашых перадач мы заўважалі, што сучасны Касцёл сустракаецца з праблемай секулярызма не толькі пры кантактах са знешнім асяроддзем, але і ўнутры супольнасці вернікаў.

Ідэалогія свецкасці на самым пачатку выглядала толькі як знешняя з’ява, ускладняючая дыялог з па-за касцёльным асяроддзем. Аднак у выніку прасоўвання секулярызма з дапамогай адміністрацыйных рэсурсаў некаторых дзяржаў, гэтая ідэалогія пачала глыбока пранізваць свядомасць многіх хрысціянаў. І гэта не дзіўна, бо ў выніку перамешвання культур, паглыблення працэсаў міграцыі, перамешвання насельніцтва, вернікам прыходзіцца жыць у супольнасці людзей з вельмі рознымі поглядамі на жыццё. І калі католік трапляе ў асяроддзе зсекулярызаваных асобаў, якія крытычна або абыякава ставяцца да ўсяго святога, тады ўзнікае пытанне аб трываласці яго хрысціянскай тоеснасці.

Вернікі па-рознаму рэагуюць на ціск секулярнай культуры. Адныя не прадпрымаюць ніякіх дзеянняў. Бо нічога не рабіць заўсёды лягчэй, чым дзейнічаць. Яшчэ прасцей – пасіўна паддацца дэградацыі. Бо разбураць лягчэй, чым будаваць. Таму некаторыя так легкадумна спяшаюцца падтрымаць крытыканцтва, высмейванне Касцёла і яго прынцыпаў. Адкідваць нейкія нормы намнога прасцей, чым прытрымлівацца правілаў і абгрунтоўваць іх неабходнасць. Той, хто гэта ўсведамляе, пачынае разумець, што жыццё хрысціяніна ў секулярным грамадстве патрабуе ад яго вялікіх намаганняў, каб не толькі захаваць сваю ідэнтычнасць, але дзяліцца ёю з іншымі.

Назіраючы за тым, з якімі клопатамі найчасцей прыходзіцца сустракацца вернікам, якія жывуць у агрэсіўна секулярным асяроддзі, можам заўважыць некалькі характэрных спосабаў рэагавання на неспрыяльныя для хрысціяніна ўмовы.

Яскравым прыкладам могуць быць вернікі, якія знаходзяцца пад пастаянным ціскам агрэсіўна настроенага асяроддзя. Ім пагражае спакуса такой жа агрэсіўнай і крытыканцкай рэакцыі. Гэта дзеянне па прынцыпу: “клін клінам” або “як вы нам, так і мы вам”. У выніку атрымліваецца, што як адныя, так і другія замыкаюцца ў сваіх меркаваннях, успрымаюць другі бок толькі як варожы і акружаюць сябе глухой сцяной непрыступнасці і непрымірымасці. Замест дыялогу атрымліваецца ўзаемны маналог абвінавачванняў, дэманізацыя праціўніка і бескрытычнае самаўсхваленне. Здаецца, не трэба тлумачыць, насколькі гэта бесперспектыўная і вельмі небяспечная пазіцыя. Яна з’яўляецца свайго роду антытэзай таго, да чаго заклікае нас Езус: любові, дыялогу і сведчання.

Другая памылковая пазіцыя, якую часам могуць заняць вернікі ў адносінах да ідэалагічных апанентаў – гэта адсутнасць як агрэсіі, так і ўвогуле любой рэакцыі. Гэта другая крайнасць, скіраваная на поўную замкнёнасць і бяздзейнасць. Калі ў першым выпадку была агрэсія і хоць нейкая пародыя на дыскусію, хоць і ў выглядзе маналогу, то тут уключаецца прымітыўны самаабарончы механізм: замкнуцца ў панцыры. Адносна апанентаў такая пазіцыя выглядае як абыякавасць і ігнараванне. Аднак на самой справе яна кіруецца такім жа падсвядомым страхам і агрэсіяй, якія скіраваныя не вонкі, але ўнутр. Пагэтаму ў свядомасці верніка або ў лакальнай супольнасці, якая займае такую пазіцыю адносна апанентаў, накручваецца ўнутранае напружанне, неўратычнае дбанне аб нязменнасці, страх перад любым праяўленнем свабоды і паслаблення. Згубнасць такой пазіцыі заключаецца ў тым, што асоба ці група можа так замкнуцца на акружэнне, што перастане слухаць не толькі ворагаў, але і шчырых сяброў.

Як жа пазбегнуць узгаданых тут крайнасцяў? У першую чаргу католіку варта памятаць пра найважнейшую Хрыстовую запаведзь любові да Бога і бліжняга. Па-другое, варта не забываць, што Пан Бог заўсёды гатовы даць дастаткова сілаў і ласкаў тым, хто Яго аб гэтым просіць. Па-трэцяе, варта разглядаць сваё жыццё ў нехрысціянскім асяроддзі не як пракляцце, але як евангелізацыйную місію. Вызваліцца ад псіхалагічнага механізму ахвяры і развіваць у сабе дух апостала.

Менавіта да гэтага няспынна заклікае нас Папа Бэнэдыкт XVI. У адной са сваіх прамоваў на тэму апостальства Святы Айцец казаў: “Заданнем католікаў з’яўляецца поўнае супакою абвяшчэнне добрай весткі пра Езуса… Хрысціянскае апостальства… - гэта вялікая катэхеза, у якой, будучы з іншымі, у лаяльным і сапраўдным сяброўстве пабуджаецца ў іншых голад Бога і дапамагаецца ім адкрываць новыя далягляды: з натуральнасцю, прастатой, … праз прыклад добрай практыкі веры, дзякуючы ветліваму слову, аднак поўнаму моцы Божай праўды” (Пастырскае пасланне да Opus Dei, 2.10.2011).

Гэтыя словы Святога Айца становяцца для нас яшчэ раз пацвярджэннем таго, што для хрысціяніна кожнае складанае асяроддзе – гэта нагода не для песімізму, але адкрыцця поўнага веры і энтузіязму апостальскага паклікання Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.