2012-06-09 16:37:29

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (ХІІІ)


RealAudioMP3 У апошніх нашых перадачах я распавядаю пра літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі. Тэма сёньняшняй нашай перадачы Пасхальнае кола. У прыгатаваньні тэмы мне памагае, як і раней, кніга а. Бырыса Бабрынскага «Літургічнае жыцьцё».

Кола нерухомых сьвятаў

Фактычна сёньня мы закранем гадавое кола, якое фактычна складаецца з двух колаў, якія ўзаемна накладаюцца. Гэта кола сталых сьвятаў, якое узьнікла у IV стагодзьдзі вакол сьвята Богазьяўленьня (і таксама вакол сьвята Божага Нараджэньня); і кола сьвятаў рухомых, якое сфармавалася вакол сьвята Уваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста – Пасхі. Гэткім чынам маем два «эпіцэнтра» паўстаньня сьвятаў – Божае Нараджэньне і Пасха.

У кола сьвятаў сталых (нерухомых) уваходзяць найперш дні прысьвечаныя сьвятым. Такія ўспаміны ўвайшлі ў звычай пачынаючы з мучанікаў. Уласна для ўтрваленьня памяці аб мучаніках адбываліся ў месцах іх пахаваньня сынаксы, або інакш літургічныя сходы лакальнага значэньня. Ад IV стагодзьдзя, калі спыніліся пераследваньня, гэты культ пашырыўся. Праз нейкі час падобным чынам пачалі шанаваць тасама сьвятых біскупаў, сьвятых манахаў і г.д. Акрамя гэтага ў нерухомым коле апынуліся вялікія сьвяты, якіх не было на пачатку.

Сярод іх вядомае ўсяму сьвету сьвята Божага Нараджэньня, якое ўвайшло ў царкоўны каляндар толькі ў часы кесара Канстантына. Павінна было яно замяніць паганскае сьвята Няпераможнага Сонца (Sol invictus), якое сьвяткавалася ў зімовае раўнадзенства, 25 сьнежня.

Справа у тым, што на пачатку першым і галоўным сьвятам хрысьціянаў (перад тым як усталявалася сьвята Божага Нараджэньня) было сьвята Богазьяўленьня. У ім узгадваліся ўсе таямніцы-містэрыі дзяцінства Ісуса і падзеі, якія папярэджвалі Яго публічнае жыцьцё (нараджэньне, паклон Мудрацоў, хрост у Ярдане і вясельле ў Кане Галілейскай).

Канешне, мы не сьцьвярджаем, што Ісус нарадзіўся 25 сьнежне, таксама як ня цьвердзім, што Дабравешчаньне адбылося 25 сакавіка (дзевяць месяцаў перад Божым Нараджэньнем), абрэзаньне – 1 студзеня, а ахвяраваньне ў сьвятыні – 2 лютага (40 дзён пазьней) і г.д. Лёгка здагадацца, што гэтыя даты былі абраныя ў залежнасьці ад даты Божага Нараджэньня, пры ўліку біалагічных законаў (для Дабравешчаньня), ці звычаяў габрэйскіх (у выпадку абрэзаньня і ахвяраваньня ў сьвятыні – сретенія). Паколькі сама дата Божага Нараджэньня – умоўная, то і іншыя даты ў пэўным сэнсе ўмоўныя.


Пасхальнае кола (Кола рухомых сьвятаў)

Распачынаючы разважаць пра кола рухомых сьвятаў, або інакш пра пасхальнае кола, трэба зазначыць, што сьведчаньні сьвяткаваньня Пасхі паходзяць ужо з ІІ стагодзьдзя. Сьвяткаваньне апошніх дзён Вялікага Тыдня (Вялікая Пятніца, Вялікая Субота і Вялікдзень), якія ў лацінскай традыцыі называюць пасхальным трыдыумам, пачалося ў Ерусаліме ў IV стагодзьдзі.

Было гэта зьвязана з тым, што месцы асьвячаныя зямным жыцьцём Ісуса Хрыста, сталі даступнымі, як месцы культа. Тут былі пабудаваныя базылікі і цэрквы (асабліва на Галгофе і на месцы Апошняй Вячэры). У гэтыя месцы пачалі скіроўвацца пілігрымы.

А. Барыс Бабрынскі ў сваёй кнізе «Літургічнае жыцьцё» падкрэслівае: «...перыяд ад Вялікдня да Пяцедзісятніцы ўтварае адзіную цэласьць, а слова «Пяцідзесятніца» можа азначаць як увесь пяцідзесяцідзённы перыяд пасхальны, гэтак і сам пяцідзесяты дзень пасля Вялікдня» (а.Барыс Бабрынскій, «Літургічнае жыцьцё»). Агульная тэмай гэтага ўсяго перыяду зьяўляецца пасхальная таямніца, містэрыя Ісуса Хрыста.

Як жа быць з тэмай спасланьня Сьвятога Духа? Тэма зыходу Сьвятога Духа зьўляецца толькі ў канцы IV стагодзьдзя. Айцец Бабрынскій тлумачыць гэта тым, што ў першых стагодзьдзях у сьвядомасьці Царквы Сьвяты Дух быў ня столькі тым, каго ўзгадваюць, колькі моцай дзякуючы якой можам памятаць пра Ісуса. Вось як пра гэта гаворыць апостал Павел: «Ды ніхто не можа сказаць «Госпад Ісус», як толькі ў Духу Святым» (1 Кар. 12:3).

Іншымі словамі, мы ўваходзім у прысутнасьць Ісуса памёрлага і ўваскрослага, ды Ён становіцца прысутны ў нашым жыцьці. Гэты таямнічы прарыў у часе і прасторы і зьяўляецца ўласна справай Сьвятога Духа. Вось чаму да IV стагодзьдзя Ён ня меў асобнага сьвята.

Толькі пасля бырадзьбы з духаборамі (паўарыянамі), якія запярэчвалі боства Сьвятога Духа, Царква ў поўні ўсьвядаміла, што Сьвяты Дух ёсьць ня толькі дынамізмам малітвы і праслаўленьня, ня толькі жывой атмасферай і месцам славы, але таксама і аб'ектам славы; што Ён ёсьць тым, хто атрымоўвае роўнае «пакланеньне і славу» разам з Айцом і Сынам. Вось тады і тады зьяўляецца патрэба больш выразнага уключэньня шанаваньня Сьвятога Духа ў багаслужэньні Царквы. Пяцедзісятніца стала тады такім сьвятам Сьвятога Духа.







All the contents on this site are copyrighted ©.