2012-06-08 10:43:22

Бэнэдыкт XVI : знікненне сакральнасці вядзе да ўзнікнення рэлігійных сурагатаў


RealAudioMP3 На важнасць культу Эўхарыстыі і яе сакральнасці звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI у сваёй гаміліі, прамоўленай 7 мая падчас св. Імшы перад базылікай св. Яна на Латэране, з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Папа падкрэсліў вялікае значэнне, якое мае для духоўнага жыцця вернікаў эўхарыстычная адарацыя. Ён адзначыў, што “недакладная інтэрпрытацыя некаторымі ІІ Ватыканскага Сабора паменшыла гэта вымярэнне, на практыцы абмяжоўваючы Эўхарыстую толькі яе цэлебрацыяй”. Паводле Пантыфіка без адарацыі “менш адчуваецца пастаянная прысутнасць Езуса пасярод нас і з намі, прысутнасць “канкрэтная і блізкая”, паміж нашымі дамамі, як “пульсуючага сэрца” горада, краіны, абшару ў яго шматлікіх вымярэннях і разнастайнымі відамі дзейнасці”. Бэнэдыкт XVI назваў памылковым “супрацьпастаўленне цэлебрацыі і адарацыі, нібыта паміж імі існуе канкурэнцыя”. Ён сказаў, што, наадварот, “культ Найсвяцейшага Сакрамэнту будуе духоўнае “асяродзе” у якім супольнасць можа цэлебраваць Эўхарыстыю добра і ў праўдзе”.

“Каб камунікаваць з іншым чалавекам, трэба ведаць яго, быць здольным стаяць у маўчанні побач з ім, слухаць яго, глядзець з любоўю. Сапраўдная любоў і сапраўднае сяброўства заўсёды жывуць у гэтай узаемнасці позіркаў, інтэнсіўным, красамоўным, поўным павагі і пашаны маўчанні. Такім чынам сустрэча перажываецца глыбока, асабіста і не павярхоўна”, - звярнуў увагу Папа. Ён дадаў, што, нажаль, калі не хапае гэтага вымярэння, тады нават сакраментальнае адзінства можа стаць, з нашага боку, павярхоўным жэстам.

Гаворачы аб сакральнасці Эўхарыстыі, Папа звярнуў увагу на тое, што ў 1960-1970 г. хрысціянская навіна адчула ўплыў секулярызаванай ментальнасці. Пантыфік падкрэсліў, што “усё яшчэ неабходны знакі і абрады, якія згубяць сваё значэнне толькі ў нябесным Ерузалеме, дзе не будзе больш ніякіх храмаў”.

Нарэшце, Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на адукацыйную ролю сакральнасці, знікненне якой прывядзе “да абяднення культуры, вызвалення прасторы для шматлікіх сурагатаў, прысутных у спажывецкім грамадстве, новых абрадаў і знакаў, якія проста могуць стаць ідаламі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.