2012-06-07 12:38:14

Кс. Ламбардзі: камердынер – адзіны абвінавачаны ў крадзяжы дакументаў


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі падцвердзіў, што ў Ватыкане працягваюцца допыты былога камердынера Папскага дома Паола Габрыэле, абвінавачанага ў крадзяжы і продажы канфідэнцыйных дакументаў Папы і Апостальскай Сталіцы. Кіраўнік Залы Друку адзначыў, што не можа паведаміць аб змесце допытаў, бо гэта інфармацыя не з’яўляецца публічнай. Ён падцвердзіў, што працягваецца таксама выяўленне іншых адказных за знікненне ватыканскіх дакуметаў і падкрэсліў, што абвінавачаным на дадзены момант з’яўляецца толькі былы камердынер. “Той факт, што Паола Габрыэле адзіны абвінавачаны, не азначае, што ён адзіны хто нясе адказнасць”, - удакладніў езуіт. Кс. Ламбардзі патлумачыў, якую ролю выконвае спецыяльна створаная для высвятлення ўцечак дакуметаў кардынальская камісія. Ён адзначыў, што функцыя трохасабовай камісіі адрозніваецца ад функцыі Ватыканскай магістратуры, якая праводзіць “крымінальнае расследванне”. Паводле кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кардынальская камісія мае больш шырокія паўнамоцтвы: яна, праз даследаванне дакументаў і аналіз паказанняў і меркаванняў шмалікіх асоб, рыхтуе сваю справаздачу, якая будзе прадстаўлена Папе. Калі ў выніку дзейнасці камісіі будуць адкрыты факты злачынстваў, імі пачне займацца Ватыканская магістратура.

Таксама кс. Ламбардзі адзначыў, што Папа, нягледзячы на балючую сітуацыю, “працягвае сваю працу спакойна”. Паводле кіраўніка Залы Друку, важна аднавіць атмасферу спакою і даверу і гэтаму спрыяе кампетэнтная дзейнасць кардынальскай камісіі і Ватыканскай магістратуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.