2012-06-06 12:41:22

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: баронячы нядзелю, мы баронім свабоду чалавека!


RealAudioMP3 6 чэрвеня Бэнэдыкт XVI падзяліўся з вернікамі сваімі ўспамінамі і ўражаннямі ад удзелу ў Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая праходзіла ў Мілане 30 мая - 3 чэрвеня. Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі Пантыфік адзначыў, што “без сям’і чалавецтва не мае будучыні”. Святы Айцец расказаў, што падарожжа ў Мілан, стала для яго першым з таго часу як ён быў абраны на пасад св. Пятра. Папа быў вельмі ўражаны цёплым прыёмам, які яму аказалі мясцовыя жыхары, прадстаўнікі касцёльных і свецкіх уладаў. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што першым пунктам праграмы яго візіту была сустрэча з вернікамі на катэдральнай плошчы горада, падчас якой ён заклікаў мясцовых вернікаў жыць верай у асабістай і грамадскай сферах і нагадаў, што сям’ю неабходна нанава адкрыць, як “галоўную спадчыну чалавецтва”. Папа падзяліўся сваімі ўражаннямі ад канцэрту ў міланскім тэатры “Ла Скала” і Дзевятай сімфоніі Бетховена, якая гучала на ім. “На заканчэнне гэтай моцнай мастацкай і духоўнай падзеі, я хацеў звярнуць увагу на месца сям’і ў трэцім тысячагоддзі, нагадваючы, што менавіта ў ёй чалавек упершыню адчувае, што створаны не для жыцця закрытым у самім сабе, але ў адносінах з іншымі; менавіта ў сям’і пачынае запальвацца ў сэрцы чалавека святло спакою, каб затым асвяціць наш свет”, - сказаў Папа.

Святы Айцец распавёў аб сваёй сустрэчы са святарамі і кансэкраванымі асобамі, падчас якой нагадаў аб каштоўнасці цэлібата і чысціні, і падзяліўся ўспамінамі ад сустрэчы з моладзю, якую заклікаў казаць свабоднае і свядомае “так” Евангеллю Езуса Хрыста, клапаціцца аб уласнай адукацыі і шчодра служыць бліжнім.

Пантыфік звярнуў увагу, што падчас сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, прадпрымальнікамі, рабочымі, дзеячамі культуры і сферы адукацыі, ён заклікаў спрыяць таму, “каб дзяржаўныя ўстановы служылі клопату аб чалавеку ў розных яго аспектах, пачынаючы ад права на жыццё” і “празнавалі ўласную ідэнтычнасць сям’і, заснаваную на сужэнскім саюзе мужчыны і жанчыны”.

Папа нагадаў, што ён разам з тысячамі вернікаў прыняў удзел у “Свяце сведчанняў”, якое прайшло ў міланскім парку “Брэсса”. Пантыфік прызнаўся, што яго ўразілі сведчанні сем’яў з розных кантынентаў, якія распавялі аб актуальных тэмах нашых часоў: эканамічным крызісе, цяжкасцях, звязаных з пошукам раўнавагі ў прысвячэнні часу для працы і сям’і, павелічэннем колькасці разводаў, а таксама іншых пытаннях, якія турбуюць дарослых, маладых і дзяцей.

“Тут я хачу нагадаць, што заклікаў да абароны часу, празначанага для сям’і, якому пагражае, свайго роду, “звышсіла” працоўных абавязкаў: нядзеля – гэта дзень Пана і чалавека, дзень, калі ўсе павінны мець магчымасць быць свабоднымі – свабоднымі для сям’і і Бога. Баронячы нядзелю, мы баронім свабоду чалавека!”, - сказаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што падчас заключнай св. Імшы, якая адбылася 3 чэрвеня, ён заклікаў вернікаў спрыяць таму, каб касцёльныя супольнасці станавіліся больш падобнымі на сем’і і былі здольнымі евангелізаваць не толькі словамі, але “сілай любові, якой жывуць”, бо “любоў – гэта адзіная сіла, здольная перамяніць свет”. Папа падкрэсліў, што Сусветная сустрэча сем’яў ў Мілане пакінула свету пасланне надзеі, абгрунтаванае жыццёвым вопытам. “Гэта магчыма і радасна – “назаўсёды” быць адкрытымі на жыццё, нават калі часам і складана жыць вернай любоўю; гэта магчыма – удзельнічаць як сям’я ў місіі Касцёла і будаванні грамадства”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.