2012-06-04 13:31:37

Католікі і праваслаўныя разам аб эканамічным крызісе і беднасці


RealAudioMP3 5 чэрвеня ў Лісабоне іерархі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы разам абмяркуюць праблемы эканамічнага крызісу і беднасці ў сучаснай Еўропе. На ІІІ Еўрапейскім каталіцка-праваслаўным форуме праваслаўную дэлегацыю ўзначаліць Мітрапаліт Іспаніі і Партугаліі Палікарп; у яе склад увойдуць прадстаўнікі Маскоўскага, Сербскага, Румынскага і Грэцкага Патрыярхатаў, а таксама Кіпрскай, Польскай і Албанскай Цэркваў. Каталіцкую дэлегацыю узначаліць старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы кардынал Пэтэр Эрдо. У форуме прымуць удзел таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і арцыбіскуп Паоло Пэццы. Падчас сустрэчы будуць абмеркаваны тры аспекты – пошук прычын эканамічнага крызісу, пошук грамадскіх і эклезіяльных адказаў на яго і роля, якую Касцёл павінен адыгрываць у гэты асаблівы момант для еўрапейскага кантыненту.

Як адзначыў кардынал Пэтэр Эрдо, мэтай сустрэчы не будзе эканамічна-фінансавы аналіз, хоць эксперты ў дадзенай галіне і будуць прысутнічаць. “Мы разумеем, што сённяшні эканамічны крызіс – гэта толькі вярхушка айсберга; ён мае больш глыбокія крыніцы. Гэта перш за ўсё змена культурнай мадэлі грамадства, прасякнутай некантралюемым лібералізмам, што ставіць эканамічную выгаду вышэй за агульнае дабро асобы. Па словах кардынала, выхадам з дадзенай сітуацыі з’яўляецца эканоміка любові.

Ідэя правядзення такіх экуменічных форумаў нарадзілася 4 гады таму. Сустрэча праходзіць раз на 2 гады, прычым яе прымаюць па чарзе краіны з праваслаўнай і каталіцкай большасцямі. Гаспадарамі ўжо былі Італія і Грэцыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.