2012-06-03 16:36:14

Святы Айцец: рай так падобны на маё юнацтва


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI уяўляе рай падобным на сваё юнацтва. “Рай можа быць такім, якім было маё юнацтва, таму, я спадзяюся вярнуцца дадому, калі я адыйду ў іншую частку свету”, - сказаў Папа 2 чэрвеня падчас VII Сусветнай сустрэчы сем’яў ў Мілане. Ён правёў вечар разам з сем’ямі, юнакамі і дзецьмі з амаль 100 краін свету. Святы Айцец адказаў на іх пытанні не карыстаючыся тэкстам, як гэта адбываецца звычайна. Пытанне аб раі задала дзяўчына з В’етнама. Больш за 350 тыс. вернікаў слухала адказы Папы ў парку “Брэсса” на поўначы ад Мілана.

Сям’я з Грэцыі расказала Бэнэдыкту XVI пра крызіс у сваёй краіне. Папа адказаў, што крызіс ударыў у яго сэрца. “Слоў недастаткова, мы павінны зрабіць нешта канкрэтнае, але мы не можам”, - сказаў Пантыфік. Палітыкі павінны ў гэтай сітуацыі не проста клапаціцца аб атрыманні галасоў, але мець на ўвазе агульнае дабро. Бэнэдыкт XVI прапанаваў у сувязі з крызісам ствараць партнёрскія адносіны паміж сем’ямі з багатых і бедных краін Еўропы. Такое партнёрства, напрыклад, паміж сям’ёй з Германіі і сям’ёй у Грэцыі, на думку Папы, было б цудоўнай ідэяй. Акрамя таго, партнёрства на ўзроўні парафій зрабіла б добрую справу. Гэта дапамагло б падтрымаць супольнасці, якія перажываюць эканамічныя цяжкасці. Папа сказаў, што яго сям’я жыла “адной душой”, нават тады, калі часы былі вельмі цяжкія. Асабліва важную функцыю ў доме Ратцынгераў выконвала музыка. Яго бацька граў на цытры, а брат Георг стаў вялікім музыкантам.

Бэнэдыкт XVI адказаў таксама на пытанне сям’і, якая церпіць ад выключэння з сакрамэнтальнага жыцця Касцёла пасля разводу і заключэння паўторнага саюзу. Такія сітуацыі Бэнэдыкт XVI назваў “вялізным цярпеннем нашага часу”. Касцёл не мае пакуль што “рэцэпту” на вырашэнне гэтай праблемы. Але, як адзначыў Святы Айцец, разведзеныя і выйшаўшыя паўторна замуж, не павінна быць выключаны з жыцця Касцёла, нават калі яны не могуць прымаць св. Камунію і прыступаць да споведзі. Аб такіх асобах парафіі павінны клапаціцца асаблівым чынам. Нягледзячы на выключэнне з сакрамэнтальнага жыцця, разведзеныя застаюцца ў духоўнай сувязі з Хрыстом.







All the contents on this site are copyrighted ©.