2012-06-02 10:42:28

Папа заклікаў у Мілане да шчодрай дапамогі пацярпелым ад землятрусу


RealAudioMP3 Да “шчодрай падтрымкі” ахвяраў землятрусу на поўначы Італіі і салідарнасці з пацярпелымі, заклікаў Бэнэдыкт XVI 1 чэвеня ў Мілане на распачацце свайго трохдзённага візіту ў паўночнаітальянскі горад з нагоды VII Сусветнай сустрэчы сем’яў. Пад апладысменты дзесяткаў тысяч людзей, у тым ліку шматлікіх іспанцаў, партугальцаў і лацінаамерыканцаў, Пантыфік падзякаваў Касцёлу ў Італіі і народу краіны за дапамогу, аказаную да гэтага часу ахвярам землятрусу. Ён таксама запэўніў сем’і, пацярпелыя ад эканамічнага крызісу і беспрацоўя, у сваёй салідарнасці. У выступленні на Катэдральнай плошчы Мілана, Папа заклікаў да больш рашучага сведчання хрысціянскай веры. Яно павінна распаўсюджвацца на ўсе сферы жыцця, як прыватную, так і грамадскую. Вера, як “закваска” для грамадства, з улікам цяперашняй культурнай сітуацыі, больш неабходная, чым калі. На думку Святога Айца, трэба зноў адкрыць яе ў якасці “важнай спадчыны чалавецтва” і “ключа і прыкметы сапраўднай культуры народа”.


Гісторыя Мілана была асаблівым чынам сфарміравана хрысціянскай верай, якая натхняла мастацтва, палітыку і эканоміку, падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. Важна, перадаць гэту “эстафету слаўных традыцый” будучым пакаленням. Папа ўпэўнены, што хрысціяне павінны працаваць для агульнага дабра супольна з усім грамадствам.

Трэба адзначыць, што візіт у Мілане на Сусветную сустрэчу сем’яў стане самым доўгім з італьянскіх падарожжаў Бэнэдыкта XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.