2012-06-02 16:04:21

Ватыканская газета пра італьянскага рэжысёра і яго погляд на каштоўнасць сям’і


RealAudioMP3 “L‘Osservatore Romano” прысвячае сёння некалькі артыкулаў вядомаму італьянскаму актору, рэжысёру, сцэнарысту і пісьменніку Карла Вердонэ, прасочваючы яго жыццёвыя метамарфозы як мастака і асобы. Ватыканская газета не застаўляе без увагі яго духоўнае ўзрастанне ў творчасці, спачатку як выдатнага актора-коміка, а затым рэжысёра і сцэнарыста. Тут заўважаецца апазіцыя Вердонэ да моднай плыні паразітарнага эгацэнтрызму і распрапагандаванай праз сучасную субкультуру мадэлі паспяховасці. Аўтар артыкула ў ватыканскай газеце, кіназнаўца Эміліа Ранцата нагадвае аб эвалюцыі ў творчасці Вердонэ – ад камізму гогалеўскага Акакія Акакіевіча да філасофскай іроніі асэнсавання жыцця і вартасці сям’і. Вядомы па фільмах “Школьныя сябры”, “Мой лепшы вораг”, ”Італьянцы”, “Падручнік кахання” , Вердонэ не зварочвае з дарогі пошуку сапраўдных каштоўнасцяў, выкарыстоўваючы моц камізму.

Менавіта сям’і – Вердонэ прысвячае практычна ўсе свае творы, заўважае ватыканская газета. У “Фатальнай Лары” рэжысёр расказвае аб намаганні святара, ролю якога выконвае сам Вердонэ, “склеіць” сваю сям’ю, разбураную разводамі, непаразуменнямі ў заходнім хаосе, калі ў людзей ёсць усё, а шчасця – няма. Герой Карла Вердонэ нанава адкрывае для членаў сваёй вялікай сям’і трывалую аснову сумлення, якое вырастае з веры. У апошнім творы – “Стоячы ў раі”, які выйшаў на экраны ў 2012 г., герой даведваецца пра цяжарнасць дачкі і прыкладае ўсе намаганні, каб абараніць жыццё яшчэ ненароджанага ўнука і не дапусціць аборту і разрыву дачкі з бацькам яе будучага маляня. Вуснамі свайго героя, якога невыпадкова называе Улісам, Вердонэ кажа, што разуменне неабходнасці абараняць сям’ю, нажаль, часта прыходзіць пасля доўгага экзістэнцыяльнага пошуку.








All the contents on this site are copyrighted ©.