Удзельнікі Сустрэчы сем’яў: інтэрнэт не можа падмяніць сабой бацькоў
У рамках VII Сусветнай
сустрэчы сем’яў, якая 29 мая пачалася ў Мілане, тут праходзіць таксама Міжнародны
душпастырскі кангрэс. У яго працах прымае удзел больш за 7 тыс. асоб. Акрамя іерархаў
і навукоўцаў з розных краін свету, у мерапрыемстве прымаюць удзел вядомыя палітыкі.
Першы дзень кангрэса, 30 мая, быў прысвечаны ідэнтычнасці сённяшняй сям’і, яе развіццю
і выклікам, з якімі яна павінна змагацца. Было падкрэслена, што сям’я, заснаваная
на саюзе паміж адным мужчынам і адной жанчынай, і якая мае двое ці больш дзяцей,
дае пачуццё шчасця, бо стварае чалавечы і сацыяльны капітал. Удзельнікі кангрэса былі
згодныя ў тым, што палітыкі ў сваёй дзейнасці павінны звяртаць больш увагі развіццю
сям’і, якая з’яўляецца сапраўдным проціяддзем на сённяшні эканамічны крызіс і быць
свядомымі адказнасці, якая ляжыць на ўрадах краін за іх будучыню.
На форуме
абмяркоўвалася таксама праблема працоўнай гіперзанятасці сужонкаў, якая можа стаць
прычынай непаразуменняў у сям’і. Шмат ўвагі было звернута на адносіны сям’і з новымі
сродкамі камунікацыі і звязаныя з гэтым адукацыйныя працэсы. “Сям’я не павінна адмаўляцца
ад сваёй выхаваўчай ролі на карысць інтэрнэта і сацыяльных сетак. Аднак СМІ з’яўляюцца
карыснымі не толькі для агульных сувязяў, але для больш шчыльных адносін”, - адзначылі
ўдзельнікі Міжнароднага душпастырскага кангрэса. Яны падкрэслілі таксама вялікую ролю
дзядуль і бабуль, як носьбітаў веры і асноўных каштоўнасцяў у выхаванні дзяцей.