2012-05-31 14:05:18

Кіно – лабараторыя выхавання цнотаў у сям’і


RealAudioMP3 Да VII Сусветнай сустрэчы сем’яў у Мілане прымеркаваны адзін артыкулаў у сённяшнім нумары ватыканскай газеты. Ён звяртае ўвагу на важны элемент выхавання ў сям’і – сумесны прагляд фільмаў. Аўтар публікацыі у “L’Osservatore Romano”, кс. Дарыа Эдоарда Вігано, акадэмік і галоўны рэдактар італьянскага “Часопіса пра кіно”, лічыць, што таленавітыя мастацкія творы дапамагаюць розным пакаленням успрымаць і захоўваць фундаментальныя цноты. Напрыклад, фільмы Пазаліні, Дэ Сіка, Брыцы пакідаюць след евангельскага гуманізму і іроніі адносна слабых бакоў капіталізму. Паводле святара-кіназнаўцы, заўсёды актуальнымі застаюцца галівудскі “Крамер супраць Крамера” Роберта Бентана ці шведскі “Сцэны з сужэнскага жыцця” Інгмара Бергмана.

На думку кс. Вігано, менавіта сумесны прагляд кіно можа дапамагчы бацькам і дзецям наблізіцца да сябе, улічваючы небяспекі, якія нясуць для падлеткаў і моладзі сённяшнія субкультуры. Тут, на думку галоўнага рэдактара “Часопіса пра кіно”, могуць дапамагчы фільмы, якія дэманструюць прыклады гераізму, у прыватнасці, біяграфічныя стужкі пра рэальных асоб.

Юным “закладнікам” вялікіх гарадоў, якія рызыкуюць папасць пад уплыў злачыннасці, асабліва важна адчуць клопат бацькоў, школы і парафіі. І тут, паводле святара-кіназнаўцы, можа зноў жа дапамагчы сумесны прагляд добрых фільмаў, а не навязлівыя педагагічныя метады.








All the contents on this site are copyrighted ©.