2012-05-30 15:33:46

Бэнэдыкт ХVI падчас агульнай аўдыенцыі: перажываць кожную сітуацыю ў адзінстве з Хрыстом


RealAudioMP3 “Малітва кожнага хрысціяніна з’яўляецца асабістай і сапраўднай сустрэчай з Богам Айцом, у Хрысце праз пасрэдніцтва Святога Духа”, - адзначыў Бэнэдыкт ХVI падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме. 30 мая Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу тэме малітвы ў Другім Пасланні да Карынцыянаў св. Паўла. Папа звярнуў асаблівую ўвагу на адносіны паміж вернасцю Бога і нашым “амэн”, якое кожны з нас прамаўляе на заканчэнне малітвы. Пантыфік адзначыў, што св. Павел у сваім жыцці перажыў шмат цяжкасцяў, але ніколі не губляў мужнасці, бо яго суцяшала ласка і блізкасць Пана. Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ў малітве благаслаўлення, якой пачынаецца Другое Пасланне да Карынцыянаў, дамінуе тэма суцяшэння, што трэба разумець, не проста як суцяшэнне, але як заклік да таго, каб не дазволіць перамагчы сябе турботам і цяжкасцям.

“Гэта заклік да таго, каб перажываць кожную сітуацыю ў еднасці з Хрыстом, які ўзяў на Сябе ўсе цярпенні і грахі свету, каб прынесці святло, надзею і адкупленне. Так Езус дазваляе нам быць здольнымі суцяшаць тых, хто перажывае цяжкасці. Глыбокае адзінства з Хрыстом у малітве, вера ў яго прысутнасць, вядуць да адкрытасці на прыняцце цярпенняў і бедаў нашых братоў”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што таксама ў сваім жыцці хрысціяне часта сустракаюць цяжкасці, непаразуменні, пакуты, але дзякуючы верным адносінам з Панам, у штодзённай, пастаяннай малітве ўзнікае магчымасць для таго, каб адчуць суцяшэнне, якое паходзіць ад Бога. Гэта, паводле Святога Айца, ўмацоўвае нашу веру, бо дазваляе убачыць Божае “так” адносна чалавека і адчуць вернасць Яго любові.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што ў адрозненне ад чалавека, Бог ніколі не губляе цярплівасці і не стамляецца ісці насустрач. “Ва ўкрыжаванні Ён даруе нам вымярэнне сваёй любові, якая не лічыцца ні з чым і якую немагчыма памерыць”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што “Бог чакае нас, заўсёды шукае, хоча сустрэць у адзінстве з сабой, каб падарыць кожнаму з нас поўню жыцця, надзеі і супакою”.

Папа адзначыў, што адказам на вернае Божае “так” з’яўляецца слова “амэн”, якім заканчваецца кожная асабістая і супольная малітва; яно выражае нашу згоду на ініцыятыву Бога. “Часта мы па-звычцы адказваем словам “амэн” у нашай малітве, але не задумываемся над яго глыбокім сэнсам”, - сказаў Святы Айцец. Ён нагадаў, што гэта слова паходзіць са старажытнаяўрэйскай мовы і азначае згоду і падцвярджэнне праўды.

“У нашай малітве мы пакліканы сказаць “так” Богу, адказаць словам “амэн” пастаянству, вернасці Яму на працягу ўсяго жыцця. Гэту вернасць мы ніколі не зможам набыць уласнымі сіламі. Яна не толькі плён нашай штодзённай дзейнасці; яна паходзіць ад Бога і заснавана на нашым “так”, сказаным Хрысту, які кажа: “Ежа мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне”, - сказаў Папа.

Пасля катэхезы Святы Айцец выразіў салідарнасць з ахвярамі землятрусу, які адбыўся на поўначы Італіі. “У малітве і любові я блізка да параненых, а таксама да ўсіх тых, хто пацярпеў”, - сказаў Папа. Пантыфік выказаў свае спачуванні блізкім загінуўшых і заклікаў жыхароў усёй краіны спрыяць таму, каб у пацярпелым рэгіёне як мага хутчэй аднавілася нармальнае жыццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.