2012-05-29 12:17:26

Святы Айцец чарговы раз заклікаў спыніць канфлікт у Сірыі


RealAudioMP3 29 мая кіраўнік Залы Друку кс. Фэдэрыка Ламбардзі пераказаў рэакцыю Святога Айца на масавае забойства ў горадзе Хула ў Сірыі. Гэты акт насілля “моцна непакоіць Святога Айца і ўсю каталіцкую і міжнародную супольнасць, якія аднадушна асуджаюць яго”, - заявіў прадстаўнік Святога Пасаду, каментуючы інцыдэнт, які адбыўся ў сірыйскім горадзе 25 мая. Пантыфік заклікаў бакі, уцягнутыя ў канфлікт, усе ўстановы – урадавыя і пазаўрадавыя, тэрмінова прыкласці ўсе намаганні для вырашэння крызісу праз дыялог і прымірэнне. Бэнэдыкт XVI запрасіў таксама вернікаў далучыцца да малітвы за мір у Сірыі.

У сваю чаргу Апостальскі нунцый у Сірыі арцыбіскуп Марыё Дзэнары заявіў у інтэрв’ю агенству “MISNA”, што падчас інцыдэнту ў Хуле загінулі 32 дзіцяці. Палітычны крызіс у краіне працягваецца ўжо 15 месяцаў. Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што трагедыя мае месца нягледзячы на тое, што міжнародная супольнасць ужо даўно прадпрымае канкрэтныя ініцыятывы. Арцыбіскуп упэўнены, што канфлікт падсычаецца з-за межаў Сірыі, і таму неабходна павялічваць дыпламатычныя намаганні для спынення кравапраліцця ў краіне.







All the contents on this site are copyrighted ©.