2012-05-29 14:04:03

Кардынал Левада тлумачыць нормы адносна прыватных аб’яўленняў


RealAudioMP3 29 мая Кардынал Левада пракаментаваў апублікаванне на сайце Кангрэгацыі Веравучэння, якую ён узначальвае, зацверджаных яшчэ папам Паўлам VI у 1978 г., нормаў адносна прызнання прыватных аб’яўленняў у Касцёле. Іерарх упэўнены, што афіцыйная публікацыя дакумента зможа дапамагчы душпастырам у складаным працэсе іх распазнання. Кардынал нагадаў, што ў выпадку паінфармавання аб прыватных аб’яўленнях, адпаведныя касцёльныя ўлады павінны прааналізаваць такі факт улічваючы пазітыўныя і негатыўныя крытэрыі. Калі яны прыдуць да станоўчай высновы, могуць дазволіць некаторыя элементы публічнага культу ці ўшанавання, “назіраючы за імі з вялікай разважлівасцю”.

Касцёльныя ўлады павінны “прысці да маральнай упэўненасці, або прынамсі вялікай ўпэўненасці, атрыманых у выніку сур’ёзных даследаванняў, у сапраўднасці факту”, - нагадаў змест дакумента кардынал Левада і назваў некаторыя адмоўныя крытэрыі, як напрыклад “дактрынальныя памылкі ў разуменні Бога, Найсвяцейшай Панны Марыі і некаторых святых”.

Цытуючы дакумент, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння нагадаў таксама, як павінны паводзіць сябе кампетэнтныя касцёльныя ўлады ў падобных абставінах. Калі сярод вернікаў узнікае спантаннае практыкаванне культу ці пашаны, кампетэнтныя касцёльныя ўлады маюць абавязак сабраць поўную інфармацыю ў гэтай справе і правесці стараннае даследаванне па гэтым пытанні. У выпадку сумніву яны павінны ўстрымацца ад любога рашэння і надалей сачыць за сітуацыяй вакол аб’яўленняў.

Кампетэнтнымі ўладамі, якія могуць ўмяшацца ў справу, паводле Кангрэгацыі Веравучэння, з’яўляюцца мясцовы Ардынарый, мясцовая біскупская канферэнцыя і, на іх просьбу, Апостальская Сталіца.







All the contents on this site are copyrighted ©.