2012-05-29 11:00:12

Беларускія сем’і едуць на сусветны форум у Мілан


RealAudioMP3 30 мая з Беларусі ў Мілан адправяцца ўдзельнікі Сусветнай сустрэчы сем’яў. Акрамя нешматлікай афіцыйнай дэлегацыі, якая традыцыйна прысутнічае на такіх форумах, упершыню едзе вялікая група вернікаў. Гэта 48 чалавек – святары і непасрэдна сем’і – ад маленькіх да вялікіх – паведаміў душпастыр сем’яў і кіраўнік пілігрымкі кс. Пётр Бялевіч. “Напрыклад, едзе сям’я, якая мае 5 дзяцей – мама, тата і 5 дзяцей, самаму маленькаму – 4 месяцы, а старэйшай, Вользе – 10 гадоў. Таксама едуць сем’і з трыма дзяцьмі, двума. Усяго 17 дзяцей да 16 гадоў”, - паведаміў душпастыр. Запісвалі ў падарожжа ўсіх жадаючых. Не тых, хто імкнецца паглядзець на вядомыя міланскія бутыкі або тэатр Ла Скала, але людзей, жадаючых адчуць еднасць з сем’ямі з усяго свету. А да гэтага трэба было старанна падрыхтавацца. Да Сусветнай сутрэчы быў выдадзены адмысловы катэхізіс – на 11 мовах, у тым ліку рускай. Над сёлетняй тэмай – “Сям’я: праца і святкаванне” – удзельнікі з Беларусі разважалі да самага ад’езду.

“Нам Папа таксама шмат цікавага напэўна скажа па гэтай тэме. Бо ўвогуле людзі ў сучасным свеце не ўмеюць працаваць і не ўмеюць святкаваць. Калі мы праходзілі гэтыя катэхезы, у людзей расплюшчваліся вочы на іх працу – прафесійную ці ў сям’і, і на святкаванне, на тое, як павінны святкаваць, як павінны радавацца, як павінны клапаціцца пра свята ў сваім доме, у сваёй сям’і”, - падкрэсліў кс. Бялевіч.

Кульмінацыяй міланскага форуму несумнеўна стане Сустрэча малітвы, сведчання і святкавання з Бэнэдыктам ХVI у суботу, 2 чэрвеня, і св. Імша з Папам у нядзелю, 3 чэрвеня. Там сустрэнецца каля мільёна чалавек 90 нацыянальнасцяў.

“Вельмі важна адчуць атмасферу. Што, напрыклад, сям’я, якая мае пяць дзяцей, не адзіная такая ў свеце, іх шмат, яны маюць пяць і больш дзяцей. Яны ўбачаць, што маюць такія ж праблемы, хоць прыехалі з Афрыкі, Азіі, Паўднёвай Амерыкі. Людзі будуць настолькі прасякнуты гэтай атмасферай, што зразумеюць сэнс працы і святкавання для сям’і і ў сям’і. Гэта дапаможа іх асабістаму ўзрастанню”, - спадзяецца душпастыр сем’яў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Узрастаць, каб перамагчы свае праблемы. Каб адчуць гэта шчасце пад назвай сям’я. Прасцей і паўней за якое няма нічога ў свеце.







All the contents on this site are copyrighted ©.