2012-05-28 13:48:54

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі біскупаў з Мальты


RealAudioMP3 28 мая Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю мальтыйскіх біскупаў, якія прыбылі ў Рым з нагоды візіта “Ad limina Apostolorum”. У інтэрв’ю нашаму радыё, аб актуальных праблемах з якімі сустракаецца Касцёл на гэтым востраве расказаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Мальты арцыбіскуп Пол Крэмона. У першую чаргу іерарх адзначыў, неабходнасць захавання моцнай і жывой веры і рэлігійнай культуры сярод жыхароў вострава. “Для нас, я думаю выклікам з’яўляецца спроба даць больш вялікую і моцную веру гэтай рэлігійнай культуры, якую мы маем на Мальце, бо сапраўды рэлігійная культура тут вельмі моцная. Каб адказаць на новыя праблемы неабходна больш глыбокая вера: мы маем патрэбу ў тым, каб жыць сапраўды па-хрысціянску”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Крэмона адзначыў, што на востраве назіраецца павялічэнне колькасці распадаў сем’яў, асабліва пасля рэферэндума аб легалізацыі разводаў, што прайшоў у 2011 г. У сувязі з гэтым па ініцыятыве біскупаў наступны год будзе прысвечаны разважанню над апостальствам сем’яў. Іерарх выказаў спадзяванні, што сустрэчы, якія пройдуць у рамках гэтага года прынясуць аб’ектыўныя плёны.

Акрамя таго, старшыня мальтыйскага епіскапата расказаў, што Касцёл на востраве імкнецца дапамагаць шматлікім эмігрантам, якія прыбываюць сюды. Ён адзначыў, што спецыяльна для гэтай мэты дзейнічае “Jesuit Refugee Service” – езуіцкая арганізацыя, якая бароніць правы тых, хто прыбывае на востраў і спецыяльная біскупская камісія па праблемах эмігрантаў. “Мы павінны спрабаваць, як хрысціяне, зрабіць усё магчымае для іх, асабліва даючы ім працу і паважаючы іх як стварэнні Бога, у якога верым”, - сказаў арцыбіскуп Крэмона.








All the contents on this site are copyrighted ©.