“L’Osservatore Romano”: пакора і аскетызм – сакрэты св. Філіпа Нэры
Сённяшняя “L’Osservatore
Romano” нагадвае аб сакрэтах эфектыўнай душпастырскай дзейнасці св. Філіпа Нэры, якая
заключалася ў дабраахотна прынятым аскетызме і пастанным кантакце з Богам. У артыкуле,
прысвечаным гэтаму італьянскаму святару, які жыў у XVI ст., звяртаецца асаблівая ўвага
на тое, што ён цудоўна ведаў аб сувязі, якая існуе паміж “пакорай” і “пачуццём гумару”,
што дапамагала яму ў выканенні душпастырскіх абавязкаў. Адзначаецца, што сёння аб
гэтай сувязі памятае не шмат людзей, таму існуе “мала добрага гумару і шмат злосці;
больш сарказма, чым здаровай іроніі”. “Сапраўды, гэты Божы чалавек, заўсёды радаваўся
ў Пану; у ім жыў Святы Дух, плёнам якога з’яўляецца радасць (...) Ён заўсёды радаваўся
ў Пану і таму лічыўся настаўнікам сапраўднай радасці”, - адзначае ватыканскае выданне.
Падкрэсліваецца,
што св. Філіп Нэры, маючы сыноўскія адносіны з Богам, сам любіў, калі яго называлі
“айцец”, бо як ён казаў, “у гэтым слове гучыць любоў”. “Гэта бацькоўства, якое так
адпавядае патрэбам чалавека, што з’яўляецца сынам ў самай глыбіні свайго быцця, выражае
сапраўдную ідэнтычнасць св. Філіпа ў адносінах да вернікаў”, - адзначае выданне. Падкрэсліваецца,
што яго бацькоўства выражалася ў клопаце аб духоўных і матэрыяльных праблемах вернікаў.
Акрамя
таго звяртаецца ўвага на любоў св. Філіпа да прыроды і мастацтва: ён захапляўся краявідамі,
пагоркамі і садамі Рыма, будынкамі і касцёламі, любіў музыку, спевы і скульптуру.
“Сапраўднасць асабістых адносінаў, якая была плёнам яго прыгожай чалавечнасці, а таксама
аскетычныя практыкі, якія ён здзейсняў, сталі (...) метадам яго евангелізацыі”, -
адзначае “L’Osservatore Romano”.