2012-05-26 08:58:28

Кс. Ламбардзі: прайсці ад Вавілона да Пяцідзесятніцы


RealAudioMP3 Стаць пад сцяг Хрыста, палюбіць беднасць і пакору – з такім заклікам выступіў кс. Фэдэрыко Ламбардзі ў сваёй штотыднёвай рубрыцы на нашым радыё “Octava Dies”. Дырэктар Ватыканскага радыё і кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы нагадаў, аб кароткай прамове Бэнэдыкта XVI скіраванай да кардыналаў у мінулы панядзелак, з нагоды абеда падзякі за віншаванні, якія Пантыфік атрымаў у сувязі са сваім 85-годдзем. Папа, звяртаючыся да іерархаў, казаў аб пастаннай барацьбе Касцёла на сваім шляху праз эпохі. “Касцёл “змагар” – як ён называўся калісці – гэта значыць, той, які змагаецца за добро супраць зла – зла, якое відавочна з’яўляецца больш моцным і гвалтоўным, часам хітрым, тонкім і замаскіраваным пад дабро”, - адзначыў кс. Ламбардзі. Ён падкрэсліў, што Святы Айцец, цытуючы св. Аўгустына, апісаў унутранае вымярэнне барацьбы , як выбару паміж двума відамі любові: той, якая вядзе да забыцця Бога, і той, якая вядзе да забыцця самаго сябе.

“Св. Ігнацый Лаёла, у адным важным раздзеле сваіх “Духоўных практыкаванняў”, з дапамогай розных вобразаў казаў аб адной і той жа рэчы: мы павінны выбраць пад якім сцягам будзем стаяць: ці сатаны ці Езуса. Пад першым мы апынаемся, калі шукаем багаццяў, пустой славы, пыхі, і розных іншых заган. Пад сцяг Езуса мы становімся, калі любім беднасць – матэрыяльную і духоўную, пакору і розныя іншыя цноты. Ці гэта не ясна? Ці гэта не сапраўды актуальна?”, - запытаўся іезуіт.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў таксама, што св. Ігнацый казаў, што у першы накірунак, гэта значыць пад сцяг сатаны, нас прыманьваюць духі-ашуканцы, якія абяцаюць шчасце, але ў сапраўднасці растаўляюць сеткі і пасткі на нашым шляху і робяць нас рабамі; у другі, добры, накірунак, нас запрашаюць “слугі і сябры” Езуса, духоўныя настаўнікі і евангельская праніклівасць. “Таксама і Папа казаў пра “добрых сяброў”, якія нас суправаджаюць і дапамагаюць заставацца з Панам падчас гэтай барацьбы”, - сказаў іезуіт. “Папросім разам аб дары Духа праніклівасці, суцяшэння і мужнасці, таксама пасярод “цёмнай ночы” нашага часу, каб такім чынам, ад вавілонскага неразумення, якое заўсёды падрывае грамадства і Касцёл, мы заўсёды ішлі да дыялога і адзінства Пяцідзесятніцы”, - заклікаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.