2012-05-25 11:13:09

Кіраўнік Ватыканскага банка пайшоў у адстаўку


RealAudioMP3 Заля Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што Рада галоўнага ўпраўлення Інстытута рэлігійных спраў (IOR), вядомага як Ватыканскі банк, на сваім спецыяльным пасяджэнні 24 мая аднагалосна прыняла рашэнне аб адстаўцыз дырэктара гэтага банка праф. Гоцці Тэдэскі. У паведамленні Залі Друку адзначаецца, што такое рашэнне Рада прыняла пасля невыканання банкірам яго прамых абавязкаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да пасады. У заяве адзначаецца, што па гэтай прычыне Рада галоўнага ўпраўлення Інстытута рэлігійных спраў прыняла вотум недаверу да яго прэзідэнта Гоцці Тэдэскі і сцвердзіла, што завершыўся яго мандат як кіраўніка Ватыканскага банка і члена Рады.

Члены Рады лічаць, што такое рашэнне было неабходным для патрымання жыццяздольнасці Інстытута рэлігійных спраў і выказвае надзею, што новы кіраўнік дапаможа Ватыканскаму банку і паспрыяе аднаўленню эфектыўных і шырокіх фінансавых адносін паміж Інстытутам і фінансавай супольнасцю ў духу міжнародных стандартаў, якія існуюць у банкаўскай сферы, адзначаецца ў паведамленні.

У сваю чаргу кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Залі Друку павінфармаваў, што 25 мая збярэцца камісія кардыналаў, якая вядзе нагляд за дзейнасцю Інстытута рэлігійных спраў, каб зрабіць высновы з пасяджэння Рады і прыняць неабходныя меры для будучай дзейнасці гэтага банка. Камітэт узначальвае кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ.

Ватыканскі банк мае больш за 33 тыс. фінансавых рахункаў. Іх трымаюць святары і законніцы, а таксама свецкія асобы, якія працуюць у Ватыканскай дзяржаве ці ў дыпламатычных прадстаўніцтвах пры Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.