2012-05-24 15:44:35

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт канфірмацыі – дар мужнасці


RealAudioMP3 Мы працягваем разважаць аб сакрамэнце канфірмацыі. Нагадаю, што ў мінулых праграмах мы пачалі размову аб такім дарах Святога Духа. Менавіта іх бежмаваны атрымлівае падчас сакрамэнту. Мы ўжо пазнаёміліся з чатырма дарамі Святога Духа: бояззю Божай – дарам, які дазваляе бачыць па-сапраўднаму небяспечныя для нашага шчаслівага жыцця рэчы; дарам пабожнасці, які вучыць нас з любоўю і міласэрнасцю адносіцца да іншых; дарам умеласці – магчымасцю бачыць глыбіню і сапраўднае прызначэнне ўсяго, што нас акружае; і, нарэшце, дарам рады – гатоўнасцю згубіць нешта непатрэбнае і з адвагай адкрыцца на далягляды новага. Дык вось, у сённяшняй праграме мы пагаворым аб чарговым дары – мужнасці.

Што такое мужнасць? Гэта вынік дзейнасці Святога Духа ў нас, які адначасова адпавядае адной з галоўных хрысціянскіх цнотаў. Св. Тамаш з Аквіну называў хрысціянскія цноты – натуральнымі цнотамі. Такім чынам трэба адрозніваць мужнасць натуральную, ад той, якая прыходзіць дзякуючы Святому Духу, бо апошняя з’яўляецца дарам звышнатуральным. Натуральная мужнасць можа быць часткай характару, вынікам выхавання, жыццёвага вопыту і г.д. Мужнасць звышнатуральная – гэта нешта іншае. Яна прыходзіць толькі дзякуючы Святому Духу, нараджаецца дзякуючы адносінам чалавека з Богам.

Давайце паспрабуем паразважаць аб тым, як можна ўбачыць, ці з’яўляецца той ці іншы чалавек мужным. Для гэтага неабходна, каб чалавек апынуўся ў канкрэтнай жыццёвай сітуацыі звязанай з цяжкасцямі. Сферай дару мужнасці з’яўляюцца менавіта цяжкасці і праблемы – рэчы, якія ставяць нас ў сітуацыю небяспекі. Такім чынам – мужнасць праяўляецца ў адносінах чалавека да гэтых жыццёвых небяспек.

Святы Дух, праз дар мужнасці, дае чалавеку здольнасць стаяць перад абліччам цяжкасцяў з узнятай галавой. Ён дае магчымасць не палохаючыся праняць крыж – момант пакінутасці, пакут, адзіноты і іншых рэчаў, якія нас прыгнятаюць і пагражаюць нам. Дар мужнасці звязаны з пэўным тыпам гераізма.

Можа ўзнікнуць пытанне – а ці сапраўды ў нашым жыцці кожнаму чалавеку патрэбны гераізм? Няўжо нельга жыць без яго, маўляў, быць “нармальным” чалавекам?

Давайце задумаемся: ці магчыма сужэнства без гераізму? Ці можна ўявіць сапраўднае сяброўства без гераізму? Ці можна ўявіць без гераізму добрасумленнае выкананне той, ці іншай працы, у любой сферы – ад тэхнічнай да мастацкай? Без гераізму, без гэтай рэальнасці, якая з’яўляецца нечым большым, чым пасрэднасць, большым, чым тое, што ад мяне патрабуецца, немагчыма жыць па-сапраўднаму прыгожаым жыццём. Гераізм дазваляе прайсці праз агароджу, якая закрывае нас ад шырокіх жыццёвых даляглядаў шчасця. Гераізм дае мачымасць увайсці ў сферу любові – нечага большага, чым тое, што ад мяне патрабуецца.

Але чым адрозніваецца мужнасць, што паходзіць ад Святога Духа, ад мужнасці натуральнай? Адказ на гэта пытанне заключаецца ў веры. Звышнатуральная мужнасць патрабуе веры у магчымасць, з дапамогай Божай, перамагчы нават самыя вялікія цяжкасці і небяспекі. Вера ў дабрыню Бога дае магчымасць бачыць выхад з самай адчайнай, абсурднай, смяротнай сітуацыі. Яна дазваляе ўбачыць, што любая падобная сітуацыя можа стаць шляхам да ўваскрасення. Вера ў Бога дае магчымасць бачыць у цяжкасцях “месца” для свайго росту, умацавання, шчасця, асабістага ці іншых людзей. І самае галоўнае, вера дазваляе бачыць, што цяжкасці і крыж з’яўляюцца прывілеяваным “месцам” для ўзрастання ў нашых адносінах з Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.