2012-05-24 14:30:14

Жанчыны-эмігранткі ў цэнтры ўвагі Святога Пасаду


RealAudioMP3 24 мая кардынал Антоніо Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады па справах эмігрантаў і падарожнікаў, звярнуў увагу на цяжкі лёс жанчын-эмігрантак. Ён паведаміў, што спасярод 43 млн. асоб, якія пакінулі свае дамы з-за войнаў і ламання правоў чалавека, 80% жанчыны. У надзеі на лепшую будучыню для сваіх дзяцей і сем’яў, яны ўцякаюць са сваіх краін, ратуючыся ад канфліктаў, голаду і стыхійных бедстваў. Кардынал Вэльё падкрэсліў, што эмігранткі штодзённа сустракаюцца з небяспекай насілля, сексуальнага рабства і іншых злачынстваў. Некаторыя жывуць у лагерах для бежанцаў нават па 17 гадоў, а трапіўшы ў вялікія гарады, часта не знаходзяць годнага жыцця.

Ватыканскі іерарх, выступаючы ў рымскім Цэнтры амерыканскіх даследаванняў, заклікаў міжнародную супольнасць прыкладаць больш намаганняў для забеспячэння эмігранткам доступу да прадметаў першай неабходнасці, жылля і медабслугоўвання.

Кардынал Вэльё паведаміў, што Касцёл у апошні час пашырыў дапамогу эмігрантам у сувязі з глабальным крызісам. Існуюць структуры, якія былі створаны і працуюць выключна для бежанцаў. 82 краіны ахоплены Міжнароднай сеткай кансэкраванага жыцця супраць гандлю людзьмі. Змагацца з гэтым надзвычайным злом – задача ўсіх арганізацый, хрысціян і людзей добрай волі, адзначыў кардынал Вэльё.








All the contents on this site are copyrighted ©.