Егіпет: хрысціяне занепакоены будучыняй пасля прэзідэнцкіх выбараў
Кс. Рафік Грэйхе,
прэс-сакратар Каталіцкага Касцёла ў Егіпце, адзначыў, што хрысціяне “заклапочаны”
прэзідэнцкімі выбарамі ў краіне. “Пасля парламенцкіх выбараў, у якіх перамаглі прадстаўнікі
руху “Браты мусульмане” і салафіты, цяпер мы занепакоены будучыняй сітуацыі ў Егіпце,
як з эканамічнага так і палітычнага пунктаў гледжання”, - сказаў святар. Ён нагадаў,
што хрысціяне складаюць 10% выбаршчыкаў і таму кожны іх голас мае вялікае значэнне.
“Ні адзін з кандыдатаў у прэзідэнты не з’яўляецца хрысціянінам, але не гэта
праблема. Самае важнае, каб мусульмане не лічылі нас грамадзянамі другой катэгорыі”,
- сказаў прадстаўнік Каталіцкага Касцёла. Кс. Грэйхе падкрэсліў, што хрысціяне жадаюць
толькі аднаго, каб ім была гарантавана свабода веравызнання, але ў той жа час, як
падкрэсліў святар, многія ісламкія кандыдаты ўжо заявілі, што ў выпадку сваёй перамогі
будуць патрабаваць прыняцця ў краіне законаў шарыяту: сукупнасці прававых, маральна-этычных
і рэлігійных нормаў ісламу.