Каля мільёна ўдзельнікаў Сусветнай сустрэчы сем’яў 2012
22 мая старшыня Папскай
рады па справах сям’і, кардынал Эніё Антанэлі паведаміў, што ў Сусветнай сустрэчы
сем’яў у Мілане прыме ўдзел каля 1 млн. чалавек. 300 тыс. ужо зарэгістраваліся на
Сустрэчу малітвы, сведчання і святкавання з Бэнэдыктам ХVI у суботу, 2 чэрвеня, і
каля мільёна на св. Імшу 3 чэрвеня. Сем’і, якія збяруцца на форуме, будуць прадстаўляць
90 нацыянальнасцяў. 7 тыс. асоб прыме ўдзел у Тэалагічным кангрэсе па душпастырстве,
прымеркаваным у рамках сусветнай сустрэчы. Адмысловы катэхізіс быў выдадзены на 11
мовах, у тым ліку на рускай. Сёння ў Рыме прайшла прэзентацыя Сусветнай сустрэчы ў
Мілане, падчас якой было падкрэслена, што альтэрнатывы для сям’і, што складаецца з
аднаго мужчыны і адной жанчыны, іх дзяцей і родных, калі грамадства імкнецца да шчасця
кожнага індывідуума і інтэгральнага міру – няма.
Арцыбіскуп Міланскі кардынал
Анжэла Скола, гаспадар сустрэчы, адзначыў вялікую працу СМІ, свецкіх і каталіцкіх,
па папулярызацыі сусветнага форуму. Ён паведаміў, што адмысловы профіль у “Facebook”
наведвае кожны дзень больш за 200 тыс. чалавек; у цэлым на ім зарэгістравалася ўжо
4,5 млн. удзельнікаў. Да таго ж, налічваецца 100 тыс. карыстальнікаў каналу Сусветнай
сустрэчы ў “YouTube”.