2012-05-22 15:28:17

Англіканскія іерархі: большасць за жанчын-біскупаў


RealAudioMP3 Біскупы Англіканскай Царквы ў Вялікабрытаніі далі зялёнае святло для прыходу жанчын у кіраўніцтва Царквы, гаворка ідзе пра жанчын-біскупаў. Падчас закрытай сустрэчы ў Ёрку, біскупы пастанавілі прыняць меры засцярогі для тых парафій, якія выступаюць супраць існавання біскупаў-жанчын. Канчатковае рашэнне ў гэтай справе прыме ў ліпені Генеральны сінод Царквы. У адпаведнасці з бягучым станам абмеркавання, парафіі, якія выступаюць супраць існавання жанчыны як кіраўніка епархіі, могуць абраць дадаткова мужчыну біскупа. Не зразумела дагэтуль, у якой залежнасці будуць знаходзіцца абодва кіраўнікі адзін да аднаго. Праціўнікі абрання жанчын-біскупаў адвяргаюць любую залежнасць ад першых.

Як паведамляе “Daily Telegraph”, існуюць сігналы, што і прыхільнікі, і праціўнікі, не задаволены кампрамісам. Першыя баяцца, што жанчыны будуць “біскупамі другога гатунку”. З другога боку, зацвярджэнне жанчын у ролі кіраўнікоў епархій, магчыма, апынецца шырокім зыходам кансерватыўнай часткі англікан у Каталіцкі Касцёл.

Усё стане зразумела ў ліпені. Для прыняцця станоўчага рашэння па жанчынах-біскупах патрэбны дзве трэція галасоў трох палат Генеральнага Сіноду – біскупаў, духавенства і свецкіх. Пасля гэтага будзе патрэбна згода двух палат брытанскага парламента.

Трэба нагадаць, што рашэнне аб допуску жанчын да святарства ў 1992 г. прайшло на Генеральным Сінодзе Англіканскай Царквы большасцю ва ўсяго тры галасы звыш неабходнага кворуму.







All the contents on this site are copyrighted ©.