2012-05-21 12:13:41

Італія: Касцёл салідарны з ахвярамі землятрусу


RealAudioMP3 Касцёл у Італіі актыўна ўключыўся ў дапамогу пацярпелым у выніку землятрусу, які адбыўся 20 мая ў рэгіёне Эмілія Рамана на поўначы краіны. Дырэктар італьянскага аддзялення дабрачыннай каталіцкай арганізацыі “Caritas” кс. Франчэска Содду тэрмінова наведаў месцы здарэнняў, каб ацаніць сітуацыю і каардынаваць дзейнасць валанцёраў, якія дапамагаюць пацярпелым. Шматлікія парафіі ў розных дыяцэзіях рэгіёна прадставілі пацярпелым рэчы першай неабходнасці, а таксама магчымасць начлегу. Акрамя таго, перад абліччам землятрусу, іншыя італьянскія дыяцэзіяльныя аддзяленні “Caritas” прапанавалі сваю дапамогу ў выпраўленні наступстваў катастрофы. Арцыбіскуп дыяцэзіі Ферара-Камакіа Паоло Рабіці у інтэрв’ю нашаму радыё расказаў, што адразу пасля землятрусу ён заклікаў усіх пробашчаў дыяцэзіі не цэлебраваць нядзельнай св. Імшы ў будынках касцёлаў, паколькі існавала небяспека паўторных сейсмічных штуршкоў. “Акрамя таго, я заклікаў быць уважлівымі да тых, хто найбольш пакутуе з-за страху, або наступстваў землятрусу”, - сказаў іерарх.

Землятрус, моцай у 6 балаў адбыўся каля 4.00 у нядзелю 20 мая. Яго эпіцэнтрам стала тэрыторыя паміж Мадэнай і Ферарай, аднак штуршкі адчуваліся і ў іншых рэгіёнах Італіі. У выніку катаклізму загінулі 7 чалавек і каля 50 атрымалі раненні. Былі пашкоджаны дамы, будынкі прадпрыемстваў, дзяржаўных установаў і касцёлаў, закрыты школы, эвакуіраваны каля 3 тыс. мясцовых жыхароў, 3 бальніцы і каля 500 зняволеных турмы ў Ферары.








All the contents on this site are copyrighted ©.