2012-05-21 12:47:00

Святыя Кірыл і Мятод у цэнтры ўвагі Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 1150-годдзе пачатку місіі апосталаў Усходняй Еўропы св. Кірыла і св. Мятода будзе у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў буйной міжнароднай канферэнцыі, якая пройдзе 25-26 лютага 2013 г. у Рыме з нагоды гэтага юбілею. Форум арганізаваны Папскім усходнім інстытутам і Папскім грыгарыянскім універсітэтам адбудзецца па ініцыятыве кардынала Юзэфа Томкі, былога прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў і архіепіскапа Кірыла Васіля, сакратара гэтай ватыканскай дыкастэрыі. “Прыбыццё св. Кірыла і св. Мятода да нашых продкаў і выкарыстанне іх мовы ў літургіі вызначальным чынам паспрыяла распаўсюджанню веры і культуры сярод славянскіх народаў”, - адзначыў кардынал Томка.

Сярод удзельнікаў мерапрыемства будуць шматлікія каталіцкія і праваслаўныя іерархі: Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, Самір Халіль Самір, старшыня Папскага усходняга інстытута, архіепіскап Афінскі Дзімітрыёс (Салахас) і іншыя.

Падчас канферэнцыі будзе разглядацца вялікі спектр тэм: гісторыка-палітычны кантэскт, у якім дзейнічалі місіянеры, адносіны паміж перакладам Святога Пісання і развіццём нацыянальных культур, экуменічныя аспекты дзейнасці св. Кірыла і св. Мятода, уплыў іх ідэй на традыцыі ўсходніх славян.

На форум прыбудуць таксама Прэзідэнт Балгарыі Росен Плеўнеліеў і прэм’ер-міністр Чэхіі Петр Нечас. Яны прымуць удзел у адкрыцці юбілейнага года, прысвечанага апосталам Усходняй Еўропы, якое адбудзецца 25 мая ў рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ. Таксама запланавана сустрэча палітыкаў з Бэнэдыктам XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.