2012-05-21 13:00:00

Грэка-каталіцкі іерарх: мы ніколі не былі дзяржаўнай Царквой і не хочам быць інструментам улады


RealAudioMP3 Вярхоўны Архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук падчас візіту ў Харкаў заявіў, што будаўніцтва адносін паміж Царквой і дзяржавай магчыма толькі на парытэтнай аснове, паведамляе сайт “Седміца”. “Мы ніколі не былі дзяржаўнай Царквой і не хочам бачыць сябе інструментам улады. Наша месца – у грамадзянскай супольнасці, а не ва ўладзе”, - адзначыў ён. Глава ўкраінскіх грэка-католікаў выказаў меркаванне, што лепшы спосаб зафіксаваць адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай – гэта канкардат. “Большасць краін Захаду ўжо маюць такія пагадненні з Ватыканам. Ці дойдзе да гэтага Украіна – не ведаю. Але мы рухаемся ў гэтым накірунку”, - паведаміў арцыбіскуп Шаўчук.

Ён выказаў меркаванне, што Цэрквы ва Украіне змогуць аб’яднацца толькі тады, калі стануць свабоднымі ад палітыкі, калі будуць сапраўды Цэрквамі і не дазволяць выкарыстаць сябе ў геапалітычных мэтах. “Езус Хрыстус заснаваў адзіную Царква і яна існуе. Яе нельга да канца разарваць – яна раз’яднаная толькі ў чалавечым вымярэнні. Падзел – гэта следства граху”, - заявіў іерарх. Ён таксама запэўніў, што Украінская Грэка-Каталіцкая Царква імкнецца быць першай у любові і заклікаў вернікаў падаваць прыклад любові і еднасці ўсім людзям.







All the contents on this site are copyrighted ©.